Skip to main content

За айца Казіміра Жыліса SI памаліліся ў Гродне ў першую гадавіну яго смерці

zylis gadawina 2515 лютага ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша ў інтэнцыі айца Казіміра Жыліса, езуіта, у першую гадавіну яго адыходу ў вечнасць.

На малітве, якая пачалася з прагляду кароткага фільма пра жыццё і дзейнасць спачылага святара, які трывала ўпісаўся ў гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне, сабраліся шматлікія вернікі, духавенства і сёстры законныя.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

zylis gadawina 37

На пачатку літургіі іерарх адзначыў, што ў гэты дзень усе прысутныя ў святыні, дзе служыў шмат гадоў айцец Казімір, руплівы душпастыр, нястомны спавяднік, які доўгія гадзіны яднаў верны люд з Панам, “узносяць да Бога свае малітвы, верачы, што Ён выслухае нашы просьбы, а душу спачылага святара прыме ў супольнасць святых у небе”.

У гаміліі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падкрэсліў, што Бог кліча кожнага чалавека, каб ён мог пазнаць Яго любоў. “Гэта наша задача – пазнаць любоў Езуса і аднавіць нашы адносіны з Богам”, – дадаў святар.

Ксёндз канонік адзначыў, што спачылы айцец Жыліс адчуў гэтую праўдзівую любоў Езуса і добра зразумеў сэнс свайго жыцця, які засноўваецца на служэнні адзінаму Богу.

Пробашч катэдральнай парафіі, які шмат гадоў супрацоўнічаў з а. Казімірам, асабліва падкрэсліў яго руплівасць і адданасць, а таксама вялікую любоў да кожнага чалавека, якая выяўлялася, напрыклад, у спавяданні вернікаў у катэдры на працягу многіх гадзін.

Вернікі і духоўныя асобы, прысутныя ў касцёле, дзякавалі Пану за дар жыцця гэтага святара, за тое, што пазнаёміліся з ім, убачылі яго любоў, дабрыню і міласэрнасць. Яны разам прасілі Бога, каб а. Казімір, які нарадзіўся ў Літве, большую частку свайго жыцця прысвяціў душпастырскай працы на Беларусі, а памёр у Польшчы, мог цешыцца вечным жыццём у небе.

Айцец Казімір Жыліс нарадзіўся 4 сакавіка 1945 г. у вёсцы Лігінішкіс у Літве. У 1963 г. скончыў сярэднюю школу, працягваў адукацыю ў Вільні ў галіне грамадзянскага будаўніцтва.

У 1965 годзе быў прызваны ў Савецкую армію, праходзіў службу ў вайсковай частцы ў Навасібірску. У 1968 г. пачаў працаваць кранаўшчыком у Каўнасе.

Праз год распачаў фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе, у навіцыят Таварыства Езуса ўступіў 15 ліпеня 1972 года, калі езуіты ў Літве яшчэ не дзейнічалі адкрыта.

Першыя манаскія абяцанні прынёс 12 снежня 1972 года, прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 17 красавіка 1973 г. біскуп Юзаф Лабунас. Служыў у 70-я гады ў розных літоўскіх парафіях.

У 1978 г. быў накіраваны ў Вінніцу (Украіна), тры гады быў там пробашчам парафіі. У 1981 г. вярнуўся ў Літву, у 1983 г. стаў пробашчам у Індуры на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе працаваў да 2000 г. У 1992 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў яго ў Далас (ЗША) на вучобу для працы на тэлебачанні.

4 сакавіка 2002 г. айцец Жыліс прынёс чатыры ўрачыстыя абяцанні ў сваім ордэне ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

Да 2016 г. служыў у гродзенскай катэдры вікарыем, развіваў душпастырства цвярозасці. Кіраваў тэлестудыяй Гродзенскай дыяцэзіі, быў душпастырам літоўцаў у Гродне, наведваў гродзенскую турму і папраўчыя калоніі.

У 2016 г. паехаў у Польшчу, каб прайсці лячэнне і дапамагаць у парафіяльнай працы пры санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Адначасова ажыццяўляў душпастырскую апеку над літоўцамі ў Варшаве. З ліпеня 2020 г. належаў да Велькапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса.

Размаўляў на літоўскай, рускай, польскай, украінскай, беларускай і англійскай мовах; граў на аргане, фартэпіяна, акардэоне.

У памяці многіх вернікаў застаўся чалавекам-легендай, які змагаўся з атэізмам, не вагаўся называць грэх грахом, быў прапаведнікам праўды, аўтарытэтам для вязняў, нястомным спаведніком, якога заўсёды можна было сустрэць у канфесіянале.

Адышоў да Пана 15 лютага ў Варшаве на 48-м годзе манаскага жыцця і 47-м святарства.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі