Skip to main content

Выязная акцыя паклікання клерыкаў Гродзенскай семінарыі

У свята Хрыста Валадара Усяго Свету 20 лістапада гродзенская Вышэйшая духоўная семінарыя ладзіць выязную акцыю паклікання па парафіях Гродзенскай дыяцэзіі.

Клерыкі ВДС будуць зачытваць ліст, складзены семінарыйнай супольнасцю.

- Нашым жаданнем ёсць не толькі збор ахвяраў на патрэбы семінарыі. Размова ідзе найперш пра навязанне малітоўнай сувязі з вернікамі, якія нас падтрымліваюць. Таму ў лісце супольна схіляемся над багаццем Божага Слова з нядзелі 20 лістапада як нашага супольнага пасілку. Услед за За Хрыстом гаворым, што прыходзячы з дапамогай патрабуючаму, мы заслугоўваем называцца “благаслаўлёныя”. Таксама ў лісце дзякуем і інфармуем пра нястомную малітву ў інтэнцыі ахвярадаўцаў, - пракаментаваў рэктар ВДС у Гродне кс. Юзаф Станеўскі.

Падчас акцыі паклікання клерыкі будуць сустракацца з міністрантамі і моладдзю гродзенскіх парафій, дзяліцца сведчаннем паклікання і дзякаваць за матэрыяльныя і духоўныя ахвяры.

- Моладзь лепш разумее і слухае сваіх аднагодак, таму спадзяемся на тое, каб моладзь на сустрэчах не толькі зразумела і прыняла рашэнне клерыка, але і каб запалілася гэтай справай, - адзначыў кс. Юзаф Станеўскі.

Таксама ксёндз рэктар заўважыў, што міністранты цікавяцца семінарыйным жыццём. На падставе гэтай зацікаўленасці пачаліся праводзіцца рэкалекцыі для міністрантаў падчас школьных канікулаў, што дазваляе ім бліжэй пазнаёміцца з жыццём алюмнаў. Таксама з гэтых прычын плануецца правесці ў ВДС гэтак званы “дзень адчыненых дзвярэй” увесну 2012 года.