Skip to main content

Удзельніцы малітоўнага руху “Маці ў малітве” здзейснілі пілігрымку ў Тракелі

trokeli matki 1У санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшла дыяцэзіяльная сустрэча малітоўнага руху “Маці ў малітве”. На сустрэчу прыехалі жанчыны з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі, якіх яднае любоў да сваіх дзяцей і Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сустрэча пачалася ў Марыйным садзе, дзе маці разам з Марыяй прайшлі Крыжовы шлях, разважаючы над галоўнымі таямніцамі пакутаў Езуса. Удзельніцы прасілі, каб іх сэрцы напоўніліся жалем за грахі і ўдзячнасцю за Яго любоў.

Пасля малітвы іх чакаў супольны абед. Нефармальная атмасфера спрыяла новым знаёмствам і цікавым гутаркам.

Радасць сустрэчы раздзяліў з матулямі кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі, які цэлебраваў святую Імшу, маліўся ў інтэнцыі ўсіх маці і за дзяцей, а таксама дзякаваў Богу за такую патрэбную супольнасць.

trokeli matki 6

У гаміліі святар падкрэсліў, што кожная супольнасць у Касцёле паўстае з натхнення Духа Святога. “Менавіта Дух Святы згуртаваў вашы сэрцы, каб трываць супольна ў малітве”, – дадаў ён.

Кусташ адзначыў, што кожная маці павінна быць прыкладам для сваіх дзяцей, удзельнічаць у жыцці Касцёла, быць гатовай абараніць веру, заўсёды быць вернай Хрысту і Яго запаведзям.

Святар заахвоціў больш пазнаваць Бога, пацвярджаць сваю веру добрымі ўчынкамі, рэгулярна яднацца з Панам падчас святой Камуніі, запрашаць Найсвяцейшую Панну Марыю на штодзённую малітву.

Пасля Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

На заканчэнне сустрэчы кусташ запрасіў удзельніц руху “Маці ў малітве” ў пешую пілігрымку з Ліды, якая пройдзе ў першую нядзелю мая (Дзень маці ў Гродзенскай дыяцэзіі).

Цэлы дзень быў напоўнены для сабраных праслаўленнем Пана, пазнаннем новых людзей і святога месца, дзе знайшла свой дом Маці Божая.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі