Skip to main content

Засяроджанне святароў: пакліканыя для таго, каб любіць Касцёл

На працягу года ў санктуарый у Тракелях прыбываюць розныя групы людзей, каб перад абразом Маці Божай Тракельскай выпрошваць патрэбныя ласкі. 14 лістапада на чале з ксяндзом біскупам Аляксандрам Кашкевічам у санктуарыі сабраліся святары, якія працуюць у нашай дыяцэзіі. Дні засяроджання адбываюцца ў розных парафіях дыяцэзіі. Таксама і санктуарый у Тракелях ужо на працягу некалькіх гадоў прымае святароў на дзень засяроджання.

Дзень засяроджання распачаўся канферэнцыяй, якую прамовіў кс. Здзіслаў Вэдэр SDB са Смаргоні. Кс. Здзіслаў заахвоціў усіх прысутных святароў супольна паразважаць на тэму: “Касцёл і мы ў Касцёле”. Святар узгадаў братам у святарстве, што Касцёл – гэта не толькі будынак, але перш за ўсё, гэта жывы Касцёл. На пачатку сваёй канферэнцыі кс. Вэдэр прадставіў нарыс жыцця Касцёла, які з’яўляецца супольнасцю. “Супольнасць, якая дапамагае жыць Евангеллем” – прыгадаў дакладчык. Гэта адна з многіх задач Касцёла. Кс. Вэдэр таксама падзяліўся сваім шматгадовым вопытам душпастырскай працы ў парафіі ў Смаргоні. Затым прысутныя пачулі пра чарговыя задачы супольнасці Касцёла. Імі з’яўляюцца: узаемадапамога і выкананне таго, да чаго нас заклікае Пан Езус.

У канферэнцыі кс. Здзіслаў узгадаў таксама аб святарскай салідарнасці, у якой заўсёды павінна хапаць адкрытасці і Божай любові. Кс. Вэдэр акрэсліў духавенства як “людзей, якія любяць Хрыста і супольнасць, якую стварыў Бог”. Прыпамінаючы аб 20-годдзі дыяцэзіі і яе дасягненнях, кс. Здзіслаў адзначыў, што гэта “наш знак любові да Бога”.

На заканчэнне канферэнцыі прысутныя пачулі пра заданні штодзённай службы святара ў парафіі: святая Імша, служба ў канфесіянале, рэгулярная катэхеза, клопат аб хворых. “Мы пакліканы да таго, каб любіць Касцёл і клапаціцца, каб гэты жывы Касцёл ішоў дарогай Божых запаведзей” – такое пажаданне-заахвочванне пачуў кожны святар, які прысутнічаў у санктуарыі.

Пасля канферэнцыі адбылася Малітва на працягу дня, а таксама выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. У гэты дзень кожны святар мог прыступіць да сакраманту споведзі.

Асноўным момантам дня засяроджання была супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў пастыр дыяцэзіі. Давяраючы святарскую супольнасць і ўсе нашы справы Маці Божай Міласэрнасці, кс. бп Аляксандр маліўся ў інтэнцыі дыяцэзіі. Гамілію абвясціў кс. Здзіслаў Вэдэр. У сваім разважанні казнадзей спаслаўся на Евангелле пра Звеставанне, пра тое, што Маці Божая з’яўляецца нашай Маці і Настаўніцай. Ён таксама заахвоціў святароў штодзённа гаварыць Богу “так”: “Па прыкладзе Маці Божай давайце вучыцца гаварыць: няхай споўніца Твая воля, Божа”. Казнадзей асабліва падкрэсліў, што святар павінен перш за ўсё шукаць Бога, а не сябе і свае схільнасці. “Дзякаваць Богу з радасным сэрцам і быць чалавекам даверу” – на заканчэнне сваёй гаміліі падкрэсліў казнадзей.

Пасля святой Імшы святары пачулі камюніке біскупскай курыі і важную інфармацыю ад кс. біскупа Аляксандра, кс. віцэ-канцлера Антонія Грэмзы і кс. рэктара Юзафа Станеўскага.

Наступная сустрэча, аплатковая, будзе падзелена на два этапы. 19 снежня святары сустрэнуцца ў Лідзе-Слабодцы, а 22 снежня – у будынку Гродзенскай ВДС