15 студзеня ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Навагрудскі дэканат) адбылася ўрачыстасць св. Паўла, першага пустэльніка, Патрыярха Ордэну паўлінаў.
У гэтай парафіі ўжо 29 гадоў служаць айцы з Ордэну святога Паўла (паўліны).
Да ўрачыстасці апекуна ордэну парафіяльная супольнасць рыхтавалася дзевяць дзён праз навэнну, якая найперш нагадвала айцам, якія служаць у Карэлічах, пра іх вытокі і пасланніцтва, у тым ліку ў сённяшнія часы, а ўсім свецкім вернікам – пра поўны давер Богу.
Трэба падкрэсліць, што гэта асаблівы час у жыцці айцоў і братоў паўлінаў, як у карэліцкай супольнасці, так і ў кляштарах па ўсім свеце, каб засяродзіцца на галоўнай мэце і харызме паўлінскага жыцця, якой з’яўляецца ідэя сузірання Бога ў адзіноце – “Solus cum Deo solo” (“Сам-насам з Богам”).
На малітве сабраліся шматлікія парафіяне з Карэліч, вернікі парафіі св. Ганны ў Варончы, якую таксама абслугоўваюць айцы паўліны, і госці з іншых месцаў.
Эўхарыстыя пачалася спевам гімну ў гонар Патрыярха Ордэну паўлінаў перад бакавым алтаром, прысвечаным у карэліцкім касцёле святому Паўлу.
Усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі а. Ежы Саковіч OSPPE. Урачыстую Імшу разам з запрошанымі святарамі цэлебраваў у інтэнцыі Ордэну св. Паўла біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай курыі кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што святы Павел, пустэльнік, нагадвае між іншым важныя ўказанні, якія практыкуюцца ў яснагорскім кляштары, а таксама падыходзяць усім людзям:
“Першае ўказанне: твой брат – гэта тваё неба, значыць, я павінен любіць брата, каб жыццё з ім не стала пеклам. Другое ўказанне: найважнейшае ў вашым супольным жыцці – добрая малітва”.
Святар заахвоціў усіх прысутных прасіць святога Паўла, пустэльніка першых стагоддзяў хрысціянства, чалавека вялікай пакоры, “каб дапамагаў нам спазнаць блізкасць нашага Створцы; каб дапамагаў нам знаходзіць сляды Божых ног на дарогах нашага зямнога жыцця; каб кожны чалавек быў для нас дарам неба, а малітва заўсёды была на нашых вуснах”.
На Эўхарыстыі айцы Ежы Саковіч і Ануфрый Альховік, якія служаць у парафіі, аднавілі манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, тым самым абавязуючыся да яшчэ больш руплівага служэння і жыцця згодна са сваёй харызмай.
На заканчэнне ўрачыстасці прадстаўнікі вернікаў парафіі выказалі ў сваім слове ўдзячнасць айцам паўлінам, якія служаць там з вялікай адданасцю. Вернікі падкрэслілі, што айцы ўмеюць заўважыць кожнага чалавека, ля кожнага затрымацца і выслухаць. Яны падзякавалі за тое, што святары ўтвараюць у парафіі сямейную атмасферу і здольныя быць блізкімі да кожнага.
Сямейная атмасфера ў гэтай парафіяльнай супольнасці, не вельмі шматлікай, сапраўды заўважаецца. Тут ніхто не застаецца без увагі, кожны з’яўляецца вялікім скарбам і дарам. Свецкія вернікі разам са сваімі душпастырамі ўтвараюць сапраўдную сям’ю, жывы Касцёл. Менавіта за гэтае будаўніцтва жывога Касцёла дзякаваў ім біскуп Гродзенскі, які таксама адзначыў, што парафіяльная святыня з кожным годам становіцца прыгажэйшай і кожны, хто яе наведвае, можа “адчуць сябе быццам у небе”.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў айцам паўлінам за руплівае служэнне ў карэліцкай парафіі і апеку над даручанымі вернікамі. Іерарх выказаў падзяку за ўсе ініцыятывы, якія рэалізуюць законнікі, і пажадаў, каб парафіяльная супольнасць працягвала развівацца, збіраючыся ў адноўленай святыні, якая захапляе сваёй прыгажосцю і малітоўным кліматам.
Таксама на заканчэнне Імшы біскуп удзяліў дзецям спецыяльнае благаслаўленне, прызначанае на гэты дзень, бо святы Павел, Патрыярх Ордэну паўлінаў, лічыцца асаблівым заступнікам і апекуном дзяцей, а таксама маці, якія чакаюць нараджэння дзіцяці.
Іерарх благаславіў усіх прысутных у святыні, а таксама атачыў благаслаўленнем усю парафіяльную супольнасць, каб яна ўзрастала ў веры, любові і надзеі.
Выходзячы з касцёла, кожны ўдзельнік літургіі атрымліваў салодкі пачастунак, між іншым фігі і фінікі. Гэта плады пустыні, дзе святы Павел у самоце правёў 90 гадоў.
Акрамя таго, удзельнікам Імшы ўручаўся бохан хлеба, бо менавіта падчас узнясення гарачых малітваў у пустыні святы атрымліваў палову хлеба, якую кожны дзень прыносіў крумкач. Калі ж Павел быў блізкі да смерці, яго наведаў святы пустэльнік Антоні, і ў гэты дзень крумкач прыносіў Паўлу цэлы бохан.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі