6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне і вернікі іншых парафій горада, каб маліцца аб Божым благаслаўленні для сваіх сем’яў у новым годзе.
У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што на ўзор мудрацоў з Усходу кожнаму чалавеку трэба вырушыць у шлях за святлом зоркі, верна і адважна крочыць за Хрыстом, які ідзе праз стагоддзі і нясе крыж.
“Трэба ісці з верай, не зважаючы на стомленасць і пот, на смех і кпіны людзей злых і неразумных”, – дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што Касцёл нястомна абвяшчае ўсяму свету праўду пра Хрыста, які той самы ўчора, сёння і навекі.
“Яго Асоба і Добрая Навіна, якую нам прынёс, – сапраўднае святло, якое асвятляе наш шлях да праўды, любові і збаўлення”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Як адзначыў іерарх, на жаль, не ўсе бачаць гэтае святло Хрыстовага Евангелля, не ўсе хочуць за ім ісці, а вочы чалавека могуць заставацца аслепленымі, быццам закрытымі бяльмом зла, граху, пыхі, нянавісці, самалюбства, матэрыялізму.
“Такія вочы не могуць убачыць святла Хрыстовай праўды, не здольныя разгледзець пуцяводнай зоркі, не дазваляюць чалавеку вырушыць за ёю ў дарогу”, – дадаў біскуп.
Таму ён заклікаў убачыць у пасланні гэтай урачыстасці запрашэнне агарнуць гэтых няшчасных людзей спачуваннем і шчырай малітвай, каб яны змаглі адкрыць праўду пра Хрыста, які ўлюбёны ў чалавека і таму сам стаўся чалавекам.
На заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр нагадаў, што магі з Усходу склалі ля ног Хрыста свае каштоўныя дары: золата, кадзіла і міру. Таму іерарх заахвоціў прысутных ахвяраваць у гэты дзень Богу тое, што гэтыя дары выражаюць, а менавіта нашу поўную адданасць, малітву, нашу працу і цярпенні, удзячнае і любячае сэрца.
На заканчэнне Эўхарыстыі іерарх благаславіў крэйду, якой вернікі пасля вяртання дадому пазначылі свае дзверы, просячы такім чынам, каб Пан благаславіў іх сем’і ў гэтым годзе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі