На працягу Адвэнту дзеці і моладзь парафіі св. Юрыя, мучаніка, у Варнянах (Астравецкі дэканат) сярод штодзённай мітусні знаходзілі час, каб раніцай перад школай прыйсці ў касцёл для ўдзелу ў раратніх Імшах. Трымаючы ў руках лампадкі, яны станавіліся сведкамі святла Хрыста, якое носяць у сваіх маленькіх сэрцах.
Як паведамляе сайт парафіі, самых актыўных юных вернікаў чакаў прыемны сюрпрыз ад пробашча ксяндза Віктара Захарэўскага. 4 студзеня дзеці адправіліся ў незабыўную вандроўку па святынях Астравеччыны, Смаргоншчыны і Ашмяншчыны разам з пробашчам i катэхеткамі Марынай і Жаннай.
Пасля Імшы ў сваім парафіяльным касцёле юныя вернікі накіраваліся па маршруце Варняны – Міхалішкі – Гервяты – Солы – Жупраны – Баруны – Гальшаны – Ашмяны – Гудагай – Астравец – Варняны. Вандроўнікі наведалі 10 святыняў, кожная з якіх уразіла іх таямнічасцю, веліччу, святочным убраннем стаенак і калядных інсталяцый.
Першым аб’ектам наведвання стаў касцёл св. Міхала Арханёла ў Міхалішках, дзе пробашч кс. Анатоль Захарэўскі падрабязна расказаў пра гісторыю гэтай святыні, якая даказвае вялікую сілу веры ў Бога, і пажадаў гасцям лёгкай і цікавай вандроўкі.
Другім аб’ектам быў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, дзе большасць турыстаў бывалі не раз. Аднак пабачыць яго ў калядны перыяд і паслухаць аповед пробашча кс. Дзмітрыя Леўчыкa цікава было ўсім.
Далейшы шлях прывёў на смаргонскую зямлю, дзе вандроўнікі наведалі касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах. Святыня адметная роспісам сцен і ўнутраным аздабленнем. Цікавая гісторыя параўнальна маладога касцёла таксама не пакінула нікога абыякавым.
Затым падарожнікі накіраваліся на Ашмяншчыну, дзе наведалі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах, санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, касцёлы св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах і св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. Ва ўсіх святынях яны мелі магчымасць даведацца пра цікавыя факты з іх гісторыі, атрымаць асалоду ад прыгажосці, створанай рукамі вернікаў.
Пасля турысты ізноў крочылі на родную астравецкую зямлю. У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі а. Аркадзь Куляха OCD гасцінна сустрэў іх, правёў сцяжынкамі святыні і расказаў пра яе гісторыю і сучаснасць.
Апошнімі аб’ектамі экскурсіі сталі два астравецкія касцёлы: святых Космы і Дам’яна і Адшукання Святога Крыжа. Нягледзячы на тое, што гэта былі дзявятая-дзясятая па ліку святыні ў той дзень, здавалася, што стомленасці дзеці зусім не адчуваюць, бо яны з задавальненнем і цікавасцю знаёміліся з адметнасцямі касцёлаў.
Кожная наведаная святыня пакінула добрую памяць у вандроўнікаў. Малітва і песня “Пойдзем усе мы да стаенкі” гучалі ў кожным касцёле ўсё больш натхнёна і шчыра.
Бацькі дзяцей, якім пашчасціла ў гэты дзень прайсціся святымі сцежкамі вандроўкі, дзякуюць ксяндзу Віктару і катэхеткам за арганізацыю цудоўнай і пазнавальнай, насычанай і карыснай экскурсіі.