1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У першы дзень года вернікі сабраліся на Эўхарыстыі, каб праз заступніцтва Маці Божай прасіць Пана аб патрэбных дарах і ласках для сваіх сем’яў на новы год.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што новы год – гэта новыя магчымасці, якія адкрываюцца перад кожным чалавекам, новы раздзел жыцця, які трэба пісаць дзень за днём добрымі словамі і ўчынкамі, у штодзённасці працы і моманты адпачынку, у час сустрэч з бліжнімі і хвіліны самотнасці.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што святы Касцёл, наша Маці, у сваёй літургіі і традыцыі заахвочвае ўступіць у чарговы год нашага жыцця разам з Марыяй, якую на яго парозе ўшаноўваем як Багародзіцу.
“Сёння Марыя хоча нам сказаць, што шлях веры кожнага вучня пачынаецца са слухання таго, што Бог яму кажа”, – дадаў іерарх.
Як падкрэсліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, людзі ХХІ стагоддзя наогул не ўмеюць слухаць іншых, услухацца ў іх праблемы, зразумець, што яны хочуць нам сказаць, а ў сённяшнім свеце, такім шумным і крыклівым, людзям не хапае цішыні.
Па словах біскупа, Марыя з’яўляецца менавіта чалавекам цішыні, таму дае людзям прыклад слухання Бога.
“Будзем вучыцца ў Марыі таму ўменню, надзвычай патрэбнаму кожнаму з нас – уменню слухаць Пана Бога”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што Бог адрасуе людзям сваё збаўчае Слова, якое, быццам паходня, асвятляе шлях жыцця.
Біскуп Гродзенскі нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца таксама Сусветны дзень міру, які сёлета праходзіць у 55-ы раз. Таму іерарх заахвоціў усіх прасіць Маці Божую аб дары жаданага міру ва ўсім свеце, у нашай краіне і кожнай сям’і.
На заканчэнне літургіі біскуп выказаў вернікам навагоднія віншаванні, пажадаўшы, каб Добры Бог азарыў сваім міласэрным абліччам усіх і даў чалавецтву дар жаданага міру.
Кс. Юрый Марціновіч