Дарагія чытачы, наведвальнікі нашага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі, нашы сябры!
Завяршаецца чарговы год. Хутка ён адыдзе ў гісторыю. Трэба сказаць, што гэта быў вельмі цяжкі год па розных паказчыках.
У некаторых з нас за вігілійным сталом упершыню не было нейкага блізкага чалавека. Многія не маглі ўдзельнічаць у нашых традыцыйных сустрэчах на дыяцэзіяльным узроўні. Хтосьці мусіў правесці святы ў ізаляцыі і адасабленні.
Аднак у духу пакоры мы кажам, што на ўсё Божая воля. У Пана свае планы для кожнага, гэта з Яго шчодрай рукі мы атрымліваем усё, Ён кіруе нашым жыццём і лёсам.
У апошнія хвіліны года, які заканчваецца, не зважаючы на ўсе абставіны нашага жыцця, нават вельмі цяжкія, станем перад Богам з падзякай у сэрцы. Без усялякіх прэтэнзій і жалю, бо маем за што дзякаваць!
Мы, супрацоўнікi сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, хочам найперш дзякаваць Богу за ўсіх вас і за тое дабро, якое мы ўсе маглі супольна чыніць. Хацелі б нагадаць, што маем не толькі права, але і абавязак перадаваць інфармацыю пра Касцёл. Уся гэтая дзейнасць – для таго, каб весці чалавека да Езуса Хрыста. І менавіта гэта мы хацелі і далей хочам рабіць праз нашы дыяцэзіяльныя медыя.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ, адзін з апекуноў нашай дыяцэзіі, казаў, што можам будаваць найпрыгажэйшыя святыні, але калі не будзем мець каталіцкіх медыя, то гэтыя святыні застануцца пустымі.
Праца медыя патрабуе сістэматычнасці, і патрэбны заўсёды хтосьці канкрэтны, хто гэтым займаецца. Таму дзякуем усім нашым аўтарам і звычайным вернікам, якія дасылалі нам свае навіны з жыцця парафіяльных супольнасцяў. Дзякуем духоўным асобам і шматлікім свецкім валанцёрам, якія бескарысліва дасылалі нам свае тэксты і разважанні, цікавыя здымкі і прапановы.
Карыстаючыся нагодай, хочам усіх вас заахвоціць да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце разам з намі ў новым 2022 годзе! Разлічваем на ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць. Супольна прыкладзем старанні, каб нашы дыяцэзіяльныя медыя маглі дасягнуць вышэйшага ўзроўню. Разам мы можам учыніць вельмі шмат i, напэўна, зробім гэта!
Дарагія сябры!
У новым 2022 годзе хочам пажадаць прысутнасці Бога ў жыцці кожнага з вас, бо толькі Ён можа ўчыніць нас шчаслівымі.
Моцна верце Пану і давярайце Яму свае шляхі, Ён будзе вас весці!
Няхай новы год прынясе нам усім толькі радасныя хвіліны і добрыя дні ў здароўі і супакоі!
Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі