Skip to main content

Прадстаўнікі Савіо-клуба з Мінска і Бараўлян здзейснілі выезд у Навагрудак

sawia 10З 27 па 29 снежня прадстаўнікі Савіо-клуба з Мінска і Бараўлян зладзілі зімовы выезд-адпачынак у Навагрудак. Сядзібай падчас адпачынку клуба сталася былая школа сясцёр назарэтанак у Навагрудку.

Разам з дзецьмі ў паездцы ўдзельнічалі кс. Артур Ляшнеўскі SDB, с. Юлія Клявец FMA, с. Дар’я Еўтухоўская FMA, аніматары Вольга і Максім Радзюш.

Усе тры дні падлеткаў чакала вельмі шмат гульняў, конкурсаў і цікавых сустрэч.

28 снежня група Савіо-клуба наведала гістарычны Навагрудак. Дзеці пабывалі на Гары Міндоўга і даведаліся пра адзінага караля ВКЛ. Таксама ўдзельнікаў выезду чакала цікавая экскурсія ў доме паэта Адама Міцкевіча.

Пасля дзеці пабывалі ў падамініканскім касцёле, а кульмінацыяй было наведванне Замкавай гары. Удзельнікі павінны былі самі пакарыць гару шляхам нялёгкага ўздыму на яе, а пазней іх чакала спаборніцкая гульня “Форд-Баярд”, падчас якой дзве каманды змагаліся на дзядзінцы старога замка за “скарб караля Міндоўга”.

sawia 4

На завяршэнне дня настаяцельніца кляштара назарэтанак распавяла сабраным пра адзінаццаць сясцёр-мучаніц з Навагрудка і паказала, як робяцца аплаткі. Дзеці маглі не толькі пабачыць аплаткі ў працэсе іх вытворчасці, але і пакаштаваць гатовую прадукцыю.

Таксама падчас выезду дзяцей чакалі фармацыйныя сустрэчы, на якіх яны пазнаёміліся з благаслаўлёнымі мучанікамі з Познані, выхаванцам ксяндза Боско Міхалам Магонэ, пачулі пра важнасць даследавання Святога Пісання і тое, як трэба любіць нашых бліжніх. Кожны дзень “савікі” ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі, якая цэлебравалася ў капліцы сясцёр назарэтанак.

Выезд быў добрай нагодай для інтэграцыі “савікаў” з Мінска і Бараўлян, а таксама духоўна плённым часам з магчымасцю радасна правесці канікулы.

Кс. Артур Ляшнеўскі SDB