Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў вернікам Гродзенскай дыяцэзіі дыспенсацыю ад абавязку ўстрымання ад мясных страваў у дзве пятніцы: 31 снежня і 7 студзеня.
У спецыяльным дэкрэце, падпісаным 27 снежня, іерарх адзначыў: “Маючы на ўвазе духоўнае дабро вернікаў, у адпаведнасці з канонам 87 § 1 Кодэксу кананічнага права дыспенсую вернікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, ад абавязку захоўваць устрыманне ад спажывання мясных страваў:
у пятніцу 31 снежня 2021 года, у актаву ўрачыстасці Нараджэння Пана;
у пятніцу 7 студзеня 2022 года, у сувязі з адзначэннем урачыстасці Нараджэння Пана ў Праваслаўнай Царкве.
Дыспенсай могуць карыстацца ўсе вернікі, якім споўнілася чатырнаццаць гадоў (пар. канон 1252 Кодэксу кананічнага права)”. Асобы, маладзейшыя за 14 гадоў, не маюць абавязку ўстрымлівацца ад мясных страваў па пятніцах і, адпаведна, не маюць патрэбы ў дыспенсацыі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэслівае, што вернікі, якія будуць карыстацца дыспенсацыяй, маюць абавязак памаліцца выбранай па жаданні малітвай у інтэнцыях Святога Айца.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі