Skip to main content

Свята Святой Сям’і ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай: будаваць сваё шчасце на Богу

sw rodzina b 2426 снежня, у свята Святой Сям’і, у адной з наймалодшых гродзенскіх парафій, благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, маліліся за ўсе сем’і парафіі.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Юрый Марціновіч у касцёле ў Адамавічах, сабраліся шматлікія вернікі.

У гаміліі святар падкрэсліў, што ўзаемны клопат, любоў, крокі насустрач, служэнне і прабачэнне павінны быць штодзённым хлебам кожнай хрысціянскай сям’і і кожнага сямейнага дома.

Пробашч адзначыў, што кожнаму члену сям’і трэба будаваць сваё зямное шчасце на Богу, ніколі не губляць Яго з вачэй і дазваляць Яго збаўчай волі весці нас.

sw rodzina b 30

Прысутных у святыні сужэнцаў кс. Марціновіч заахвоціў клапаціцца пра свае сем’і, якія пасля Бога з’яўляюцца самым каштоўным скарбам, і напаўняць свой дом любоўю дома ў Назарэце.

На Імшы адбыўся абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў, падчас якога каля 50 пар абавязаліся ўсё больш дасканала любіць адно аднаго, аказваць адно аднаму глыбейшую павагу, а таксама падтрымліваць адно аднаго ў клопатах і радасцях, здароўі і хваробе, ад усяго сэрца служачы адно аднаму і молячыся адно за аднаго да самага канца жыцця.

Пасля Эўхарыстыі наймалодшыя вернікі паказалі для сваіх бацькоў і ўсіх прысутных каляднае прадстаўленне, у якім заахвоцілі распазнаваць у кожным чалавеку аблічча Бога і адкрываць сэрцы на дзеянне Яго ласкі.

Для вернікаў маладой парафіі сёлетняе свята Святой Сям’і стала чарговай нагодай аднавіць свае адносіны з Богам і іншым чалавекам, умацаваўшы свае сем’і Божым благаслаўленнем.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі