У вігілію ўрачыстасці Божага Нараджэння дзеці і моладзь парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) прадставілі пад кіраўніцтвам сясцёр назарэтанак Галіны Занеўскай і Дануты Бяленік святочную батлейку.
Таленавітыя акцёры парафіі хацелі данесці гледачам, што калі заўсёды і ва ўсім шукаеш Езуса, то абавязкова знойдзеш Яго.
Апоўначы пасля прадстаўлення адбылася ўрачыстая святая Імша пастэрка, якую ўзначаліў пробашч кс. канонік Уладзімір Гуляй. Імша цэлебравалася ў інтэнцыі ўсёй парафіі.
У гаміліі пробашч падкрэсліў, што праўда нараджэння Езуса Хрыста павінна напоўніць нашае жыццё радасцю, стаць новаю, асабліваю сустрэчаю з Богам, каб Ягонае святло напоўніла душы да самых глыбіняў.
На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч выказаў парафіянам словы падзякі і павіншаваў іх са святам.
Пасля Імшы адбыўся салют, які ўжо стаў у парафіі традыцыяй.
Дзіяна Бранчэль