Skip to main content

“Ці ёсць у маім сэрцы месца для Дзіцяткі Езуса?” Міні-спектакль пра Божае Нараджэнне паставілі ў Жупранах

zuprany 726 снежня, у свята Святой Сям’і, дзеці і моладзь з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах (Ашмянскі дэканат) незвычайным спосабам павіншавалі ўсіх прысутных у касцёле, запрасіўшы іх на міні-спектакль паводле біблійнага сюжэту нараджэння Хрыста і прапанаваўшы паразважаць над пытаннем: “Ці ёсць у маім сэрцы месца для Дзіцяткі Езуса?”

Аглядаючыся на пражыты час Адвэнту, прыемна ўзгадаць, як прыгожа і плённа перажыла яго парафія. Кожны вечар шмат малодшых і старэйшых парафіян збіралася на раратнюю Імшу. Са спевам “Прыйдзі, Езу, мы Цябе чакаем!” і шчырай малітвай усе з трапятаннем у сэрцы рыхтаваліся да свята Божага Нараджэння, жылі чаканнем прыходу Збавіцеля ў свет у малым Дзіцяці.

Пад чулым позіркам катэхеткі Тэрэсы Завадскай і с. Ірыны Барцэвіч FMA увечары пасля Эўхарыстыі адбываліся рэпетыцыі тэатральнай пастаноўкі “Не было месца сярод багатых”. Вернікі рыхтавалі таксама адвэнтавыя і святочныя вянкі, каб пасля ўпрыгожыць свой вігілійны стол.

У нядзелю Святой Сям’і пасля міні-спектаклю пробашч парафіі кс. Юзаф Занеўскі SDB падзякаваў маладым акцёрам. Яны атрымалі ад святара салодкія пачастункі, а тым, хто рыхтаваў вяночкі, былі ўручаны дыпломы.

На заканчэнне пробашч шчыра пажадаў усім прысутным, каб “Дзіцятка Езус нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб заўсёды нам хапала жыццёвай моцы зрабіць крок насустрач патрабуючым і радавацца кожнаму новаму дню, які падаруе нам Бог”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі