Skip to main content

“Заспяваем пастаралку ад сэрца да вуха”: прагляд калядак і пастаралак адбыўся ў Сапоцкіне

sapockino 7226 снежня, у свята Святой Сям’і, у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне адбыўся традыцыйны прагляд калядак i пастаралак.

Вечарам святыня была напоўнена дзецьмі і моладдзю, якія прыйшлі разам з бацькамі, каб супольна радавацца нараджэнню Пана. Усе з’ядналіся ў малітоўным настроі, каб праз спеў выказаць Збаўцы ўдзячнасць за тое, што Ён захацеў прыйсці ў свет, прыносячы людзям супакой і любоў.

Акрамя таго, у Сапоцкіна прыбылі госці з гродзенскіх парафій Божай Міласэрнасці (Вішнявец) і Святога Духа (Альшанка) і парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы. Яны таксама спявалі калядкі, дзелячыся радасцю сваіх маленькіх сэрцаў і найперш верай, якая была перададзена ім блізкімі.

Калядкі спявалі ўсе, і малыя, і вялікія, як кожны ўмее, згодна з дэвізам сёлетняй сустрэчы: “ад сэрца да вуха”. Гэта сапраўды быў вечар, поўны сямейнай атмасферы і цеплыні, дзе кожны адчуваў сябе добра і не глядзеў на гадзіннік, бо ў гэты час не магло быць нічога важнейшага.

sapockino 45

Усіх яднаў спеў і тая прыгожая традыцыя, пачатак якой быў пакладзены ў парафіі некалькі гадоў таму і якая кожны год сустракае вялікі інтарэс.

На заканчэнне пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі сустрэчы. Святар падзякаваў усім харыстам і салістам, якія сваім анёльскім спевам стварылі цёплую атмасферу, што панавала ў доме ў Назарэце.

Кс. Юрый Марціновіч