Skip to main content

У салезіянскай парафіі ў Смаргоні падвялі вынікі конкурсу “Адвэнтавы вянок маёй сям’і”

smorgon 4У парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні падвялі вынікі конкурсу “Адвэнтавы вянок маёй сям’і”, які праводзіўся напярэдадні Божага Нараджэння.

Як паведамляе shliah.by, вернікі вельмі актыўна далучыліся да ўдзелу ў конкурсе.

Да галасавання былі прадстаўлены 43 адвэнтавыя вянкі. “Каб вызначыць лепшую работу, мы не стваралі адмысловае журы, – зазначыла сястра Ірына Барцэвіч. – Лепшыя работы вызначалі самі вернікі, якія прыходзілі ў араторый, на свае вочы бачылі работы і галасавалі за тую, якая найбольш спадабалася. У галасаванні прынялі ўдзел больш за 300 чалавек”.

Найбольшую колькасць галасоў набраў адвэнтавы вянок Міланы Усарэвіч і яе сям’і. На другім месцы аказаліся дзве работы, якія набралі аднолькавую колькасць галасоў, прадстаўленыя Дамінікам Клачко і Максімам Станкевічам. На трэцім месцы – работа Сямёна Віткоўскага і яго сям’і.

Пераможца і прызёры атрымалі памятныя падарункі і дыпломы за І, ІІ і ІІІ месца. Узнагароды ўручылі пробашч парафіі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB і сястра Ірына Барцэвіч FMA.

Астатнія работы таксама былі адзначаны дыпломамі і салодкімі падарункамі. На дыпломе – своеасаблівы наказ вернікам: “Нараджэнне Езуса Хрыста дорыць подых дабрыні і цяпла, бо акунае нас у клімат Святой Сям’і. Гэта свята дапамагае ўсвядоміць важную для нас праўду – Бог прысутнічае сярод нас!”