Skip to main content

У Азёрах успомнілі а. Станіслава Гаўліка ў 25-годдзе з часу яго смерці

ozery gadawina 2417 снежня ў касцёле Хрыста Валадара ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) адбылася святая Імша ў інтэнцыі айца кларэтына Станіслава Гаўліка ў 25-годдзе з часу яго смерці.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На малітве сабраліся прадстаўнікі вернікаў з усіх месцаў, дзе служыў айцец Гаўлік, а таксама святары.

У гаміліі кс. канонік Цэзарый Міх, афіцыял Касцёльнага суду i пробашч парафіі ў Скідзелі, нагадаў біяграфію айца Станіслава. Значную частку свайго святарскага жыцця спачылы прысвяціў справе адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне, а яго прыклад ахвярнасці, даверу Богу, любові да Касцёла і людзей годны наследавання.

Ксёндз канонік адзначыў, што апошнія сем гадоў жыцця айцец Гаўлік правёў у Беларусі, дзе займаўся душпастырскай працай і выкладаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Святар прыехаў у Беларусь на хвалі перабудовы. У 1990 годзе біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў яго пробашчам парафіі св. Юды Тадэвуша ў Прывалках. Кларэтыну падабаліся ваколіцы вёскі над Нёманам сярод лясоў старадаўняй Гродзенскай пушчы. Ён любіў паўтараць: “Тут шмат працы, патрэбна толькі крыху добрай волі”.

Адначасова з аднаўленнем гістарычнага касцёла ў Прывалках святар разам з вернікамі будаваў касцёл у Азёрах і капліцу ў Пераломе, праводзіў рамонт святыняў у Кашубінцах і Жытомлі.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі ў Азёрах а. Томаш Ксёнжкевіч CMF падзякаваў усім за ўдзел і за памяць пра спачылага. Святар адзначыў, што калісьці айцец Гаўлік падзяліўся з ім “рацэптам” добрага душпастырства. Ён казаў, што найперш трэба знайсці шлях да сэрцаў старых бабуль, якія потым прывядуць у святыню сваіх унукаў, а потым праз тых – і іх бацькоў. І, дадаў а. Ксёнжкевіч, так сапраўды адбываецца.

Айцец Станіслаў у памяці вернікаў тых месцаў, дзе ён нёс служэнне, застаўся як чалавек вялікага сэрца і добрай душы. Кожны мог звярнуцца да яго ў патрэбе, ён па меры магчымасці стараўся ўсім дапамагчы. Таксама ён клапаціўся пра хворых і пажылых людзей.

Ён стаў для вернікаў духоўным пастырам і настаўнікам, паказаў ім правільны шлях і належны кірунак. Вельмі любіў а. Станіслаў дзяцей і моладзь, па вечарах збіраў маладых людзей для супольнага спеву і разважання.

Вернікі ўспамінаюць, што пасля кожнай Імшы святар хутка здымаў літургічнае адзенне і выходзіў на ганак касцёла, каб паразмаўляць з людзьмі. Ніхто не спяшаўся пасля набажэнства дадому, кожны хацеў асабіста павітацца з ім і, калі ён дазволіць, пацалаваць яму руку.

Кс. Юрый Марціновіч