
Музычны гурт Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі “Ave” працуе над запісам новага альбома. Плануецца, што ў альбом увойдзе 12 кампазіцый розных стылёвых накірункаў на беларускай, рускай і польскай мовах. Дакладная назва альбома яшчэ невядома, але мяркуецца, што ён будзе мець назву “З рукі Тваёй”.
У кастрычніку гурт паспеў запісаць некалькі кампазіцый у музычнай студыі айцоў вярбістаў SVD у Баранавічах.
– Для большасці з нас гэта будзе першы альбом, такой практыкі сённяшні склад гурта “Ave” яшчэ не меў. Калі мы ехалі запісваць першую частку альбома, адчувалася хваляванне. Таму просім духоўнай падтрымкі ў тых, хто цікавіцца творчасцю нашага гурта, – распавёў адзін з удзельнікаў “Ave” кл. Дзяніс Бразінскі.
Адначасова з запісам альбома клерыкі думаюць над дызайнам вокладкі дыска. Па словах удзельнікаў гурта, вялікую падтрымку ў падрыхтоўцы да выхаду дыска аказвае кіраўніцтва семінарыі.
Хлопцы плануюць выпусціць альбом на ўрачыстасць Маці Божай Тракельскай у ліпені наступнага года.
На сённяшні дзень семінарыйны гурт “Ave” складаецца з наступных удзельнікаў, клерыкаў ВДС: Дзмітрый Леўчык, Віталь Аляксейчык, Аляксей Гальчэня, Дзяніс Бразінскі, Анджэй Ганчар, Андрэй Скамарошка.
За час свайго існавання гурт “Ave” выпусціў 5 альбомаў: “Адчыні, Пане, дзверы майго сэрца” (1995 г.), “Твая любоў” (2004 г.), “Каб змог ісці за Табой” (2006г.), “Давяраю” (2007 г.), “Ранак” (2008г.).