12 снежня, у трэцюю нядзелю Адвэнту, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу для вернікаў літоўскай дыяспары ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Імшу на літоўскай мове цэлебраваў разам з іерархам пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, які з’яўляецца апекуном літоўскай супольнасці вернікаў у Гродне.
На Эўхарыстыі ў капліцы Маці Божай Кангрэгацкай, якую называюць таксама Студэнцкай, сабраліся вернікі, якія размаўляюць на літоўскай мове, разам са сваімі сем’ямі.
У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, які паходзіць з Віленшчыны, казаў пра важнасць добрага перажывання Адвэнту. Біскуп нагадаў, што гэты перыяд павінен належным чынам падрыхтаваць чалавека да блізкіх святаў Божага Нараджэння.
Іерарх заахвоціў вернікаў уважліва ўслухоўвацца ў навучанне св. Яна Хрысціцеля, нашага правадніка ў гэты святы час, а таксама прымаць усе парады, якія ён нам прапаноўвае.
З нагоды набліжэння святаў біскуп ужо цяпер выказаў літоўскай супольнасці віншаванні, пажадаўшы міру ў кожным доме і сям’і, а таксама пажадаўшы адчуць праўдзівую сутнасць урачыстасці Нараджэння Пана і спазнаць радасць.
У сваю чаргу прадстаўнікі літоўскай дыяспары падзякавалі іерарху за магчымасць кожную нядзелю ўдзельнічаць у Эўхарыстыі на сваёй мове ў катэдральным касцёле, за пастырскі клопат і духоўную апеку.
Імша на літоўскай мове праходзіць у гродзенскай катэдры кожную нядзелю ў 14.00.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Андрэй Юхнік