9 снежня ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі касцёл) адбылося пахаванне сястры Станіславы ад Маці Марыі (імя пры нараджэнні Ганна Кучынская) з Kангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Законніца адышла ў вечнасць 6 снежня.
У найстарэйшай каталіцкай святыні горада над Нёманам сабраліся шматлікія святары і сёстры законныя, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі і ў іншых частках Беларусі. Прысутнічала шмат сясцёр назарэтанак, у супольнасць якіх на працягу 37 гадоў уваходзіла сястра Станіслава.
Безумоўна, прысутнічалі найбліжэйшыя родныя спачылай. У апошні месяц сястра Станіслава і яе блізкія мелі цяжкі досвед. Спачатку памёр яе швагер Аляксандр, старшыня парафіяльнай рады новай гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай. Праз два дні пасля смерці законніцы адышла ў вечнасць яе маці Марыя, руплівая каталічка, якая ў гады пераследу веры бараніла Божую справу і прысвячала шмат часу малітве, найперш у інтэнцыі духавенства і Касцёла.
Труну спачылай законніцы ў святыні атачалі шматлікія вернікі з усіх месцаў, дзе яна несла розныя служэнні: з Гродна, Шчучынa, Навагрудкa, Ліды і Мінскa.
Усе прысутныя дзякавалі Пану за дар яе жыцця, з чалавечага пункту гледжання вельмі кароткага, бо яна памерла на 55-м годзе. Аднак за гэты час сястра Станіслава трывала ўпісалася ў памяць і сэрцы многіх пакаленняў дзяцей і моладзі, якіх катэхізавала, рыхтуючы да прыняцця Першай Камуніі і іншых сакрамэнтаў.
У сэрцах вернікаў, якім дадзена было яе спаткаць, яна засталася як руплівая законніца, якая жыла не для сябе, а для іншых, заўсёды знаходзячы час, каб служыць, дапамагаць, даваць добрую раду.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Менавіта ў Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі да верасня гэтага года працавала сястра Станіслава. На пачатку літургіі іерарх адзначыў, што яна паспяшалася, каб атрымаць узнагароду ад Бога.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што сястра сваім штодзённым жыццём і служэннем з моманту ўступлення ў супольнасць назарэтанак, якое адбылося ў 1984 г., прысвячала сябе іншым, несучы Евангелле Хрыста.
Гамілію прамовіў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Вайцяхоўскі. Прыгадваючы жыццё спачылай, святар назваў яе чалавекам вялікай веры і непахіснай надзеі, бо яна сапраўды была здольная дзяліцца з кожным, каго сустракала, сваёй простай верай, якая выражалася кожны дзень у кожным месцы яе служэння, і дадаваць надзеі тым, хто звяртаўся да яе з разнастайнымі просьбамі.
Рэктар семінарыі падкрэсліў, што сястра Станіслава заўсёды ішла з усмешкай да кожнага служэння і праз сваё жыццё, ніхто не бачыў, каб у яе быў сумны твар.
Па словах кс. Віталія Вайцяхоўскага, яе смерць, безумоўна, вялікая страта для яе блізкіх, для супольнасці назарэтанак і нашага Касцёла.
На заканчэнне правінцыяльная настаяцельніца Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта с. Філатэя Ціхановіч выказала ўсім удзячнасць за малітоўную падтрымку найбліжэйшых родных і манаскай сям’і спачылай, якія знаходзяцца ў жалобе. Настаяцельніца падзякавала таксама за ўдзел у Эўхарыстыі, а святарам, якіх шмат было на гэтай літургіі, за цэлебрацыю ў інтэнцыі сястры Станіславы ахвяры святой Імшы.
Затым на могілках адбылося пахаванне.
Дзякуючы Пану за дар жыцця с. Станіславы, якім быў узбагачаны Касцёл на Гродзеншчыне і ва ўсёй нашай краіне, будзем прасіць добрага Бога адарыць яе жыццём вечным у небе!
Сястра Станіслава ад Маці Марыі (Ганна Кучынская) нарадзілася 7 ліпеня 1967 г. у вёсцы Пяскі Шчучынскага раёна. Паходзіла з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат).
У Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ўступіла ў 1984 г. Вечныя манаскія абяцанні прынесла ў 1992 г. у Гродне.
На працягу свайго манаскага жыцця (37 гадоў) несла розныя служэнні ў розных парафіях у Гродне, Шчучыне, Навагрудку, Лідзе і Мінску.
Пэўны час працавала таксама ў Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь.
У апошні час працавала ў Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі і вяла катэхезу пры парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая