Skip to main content

Біскуп Гродзенскі цэлебраваў у Парэччы Імшу ў другую гадавіну смерці с. Юзэфы Памаранскай

gadawina 27 снежня ў парафіяльным касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход) адбылася святая Імша ў інтэнцыі с. Юзэфы Памаранскай з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (сарцанкі) у другую гадавіну яе смерці.

Эўхарыстыю з удзелам святароў, сясцёр законных i вернікаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Прысутныя супольна маліліся аб дары вечнага жыцця для спачылай, якая ў памяці тых, хто яе ведаў, застанецца як законніца, якая любіла Бога, бліжняга і малітву.

Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што сястра Юзэфа любіла Пана Бога і Маці Божую, заўсёды даючы штодзённым жыццём яскравае сведчанне гэтаму ў сваіх размовах і паводзінах.

gadawina 7

Сястра Юзэфа Памаранская нарадзілася 20 кастрычніка 1928 г. ва Украіне. Больш за 30 гадоў служыла біскупу Гродзенскаму, з таго часу, як ён быў пробашчам у парафіі Святога Духа ў Вільні.

З моманту стварэння Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991 г. сястра Юзэфа разам з біскупам Кашкевічам прыбыла ў Гродна і да самага канца служыла яму ў біскупскім доме, спаўняючы хатнія абавязкі.

Адышла ў вечнасць 7 снежня 2019 г., у вігілію патранальнай урачыстасці сваёй законнай супольнасці і гадавіну яе заснавання. Цела памерлай сястры былo пахавана на могілках у Парэччы.

Кс. Юрый Марціновіч