14 лістапада ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат) адбылася ўрачыстасць унясення рэліквій благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка.
Сёстры назарэтанкі, якія працягваюць на беларускай зямлі высакародную справу благаслаўлёных Марыі Стэлы і яе паплечніц, перадалі рэліквіі парафіі і расказалі пра жыццё і пакутніцкі шлях благаслаўлёных, якія 1 жніўня 1943 года былі расстраляныя ў Батароўскім лесе каля Навагрудка.
Назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на смерць, сярод якіх быў святар і бацькі сем’яў.
Рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак захоўваюцца ў саркафагу ў капліцы навагрудскага фарнага касцёла Перамянення Пана, які быў абвешчаны санктуарыем мучаніц. Цяпер частку гэтых рэліквій можна будзе ўшанаваць таксама ў касцёле ў Новым Двары.
Святую Імшу ў дзень перадачы рэліквій парафіі ўзначаліў яе пробашч кс. Юрый Кузьміч. Пасля рэліквіі завіталі ў капліцу ў Таневічах, дзе вернікі мелі магчымасць памаліцца перад імі, за што былі вельмі ўдзячныя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі