З 21 па 24 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбыліся рэкалекцыі для дзяцей і моладзі. Духоўныя практыкаванні перад пачаткам новага літургічнага года правёў кс. Яўген Амасёнак, вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя.
Як паведамляе сайт парафіі, кс. Яўген звярнуў увагу на некалькі рэчаў, важных, каб добра перажыць час Адвэнту і падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння.
Адной з галоўных прапаноў было “выцягнуць рукі з кішэні”, каб служыць тым, хто побач. Таксама святар заахвоціў да шчырай малітвы, якая паходзіць з сэрца.
Рэкалекцыяніст распавёў шмат іншых карысных і цікавых рэчаў. Для самых малодшых удзельнікаў былі фокусы.
Як прызнаўся сам кс. Яўген Амасёнак, для яго найбольшай падзякай і прагненнем будзе тое, калі ў сэрцах дзяцей і моладзі застанецца хоць адно з прамоўленых на рэкалекцыях словаў. На заканчэнне ўдзельнікі падзякавалі святару за шчырыя словы, якія пачулі.