>Заключнай урачыстасцю, прысвечанай 70-годдзю са дня пакутніцкай смерці св. Максіміліяна Кольбэ, стала св. Імша ў базіліцы 30 кастрычніка з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча і Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

На падзячнай св. Імшы прысутнічалі шматлікія госці: айцы францішкане з Рыму, Варшавы, Узбекістана, Балгарыі, айцец Грыгорый як прадстаўнік ад праваслаўнай Царквы, духавенства і прадстаўнікі манаскіх супольнасцей Гродзенскай дыяцэзіі, прадстаўнік улады – кіраўнік абласнога аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Ігар Папоў, Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч.
На ўрачыстай св. Імшы ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў гамілію, у якой сярод іншага сказаў: “Узгадваючы жыццё і дзейнасць св. Максіміліяна Кольбэ, мы павінны спытаць сябе: а як жа з нашым сённяшнім жыццём?”
Напрыканцы св. Імшы а. д-р.н. Міраслаў Бартос, правінцыял з супольнасці айцоў францішканаў у Варшаве, ад імя супольнасці падзякаваў прысутным за арганізацыю і ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя са дня смерці св. Максіміліяна Кольбэ.