13 лістапада адбылася доўгачаканая ўрачыстасць унясення ў касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Навагрудскі дэканат) рэліквій благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц, мучаніц Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
На ўрачыстасці сабраліся сёстры назарэтанкі, якія перадалі парафіі рэліквіі мучаніц, і шматлікія вернікі. Узначаліў яе генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Адзінаццаць назарэтанак былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу.
Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на працы ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторыя вызвалены). Усе вывезеныя перажылі вайну.
Назарэтанкі былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі