Skip to main content

Баль Усіх Святых наладзілі ў гродзенскай парафіі Святога Духа

bal olszanka 1Урачыстасць Усіх Святых звычайна асацыюецца з успамінам усіх памерлых, але ў першую чаргу гэта дзень вялікай радасці, дзень, калі мы святкуем імяніны ўсіх святых, якія ў небе, і імяніны нашых блізкіх і родных памерлых, якіх Касцёл не ведае. Гэтая ўрачыстасць – таксама вялікая радасць для дзяцей парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка).

Ужо не першы год сёстры і святары, якія служаць у парафіі, ладзяць там Баль Усіх Святых. У гэтым годзе да яго падрыхтоўкі далучыліся таксама семінарысты, якія праходзяць у парафіі практыку. Дзеці пераапранаюцца ў касцюмы вядомых ім святых, тым самым паказваючы сваю безграхоўнасць. Чыстая і шчырая радасць на тварах малодшых вернікаў – сапраўднае адлюстраванне святых, бо, як вядома, святыя заўсёды радасныя і шчаслівыя. Большасць дзяцей былі апранутыя ў анёлаў, бо, як самі адзначылі, яны мараць аб тым, каб некалі стаць святымі, і ўжо цяпер пачынаюць рабіць усё, каб іх мары сталі рэчаіснасцю.

На працягу вечару дзеці спаборнічалі ў конкурсах, танцавалі і спявалі разам з вікарыем парафіі кс. Андрэем Струкелем, а на заканчэнне іх чакаў салодкі пачастунак.

Урачыстасць Усіх Святых – найлепшае свята, каб паказаць на ўласным прыкладзе, што дарога да святасці радасная і вясёлая.

Дзмітрый Роўны

Фота: Ганна Пяржынская