Пра тое, што Бог заклікае кожнага да святасці на сваім месцы – у гэтай сям’і, гэтай краіне, у гэты час, – разважалі дзеці лідскай парафіі Святой Сям’і 1 лістапада, калі Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень яны сабраліся на парафіяльным Балі Усіх Святых.
Дзеці апрануліся ў касцюмы святых, у чым ім дапамагалі сёстры законныя і святары, якія служаць у парафіі. Удзельнікі балю разважалі пра тое, хто такія святыя і як да іх далучыцца. Падкрэслівалася, што святы – гэта не анёл, а грэшнік, які шчыра вызнае свае грахі, спадзяецца на Бога і спаўняе Яго волю, бярэ свой крыж і ідзе за Езусам.
Таксама падкрэслівалася, што сёння свет па-ранейшаму мае вялікую патрэбу ў святых. І жаданне быць святым – гэта не праява пыхі: Бог хоча, каб усе жадалі стаць святымі. Для гэтага не абавязкова быць святаром ці манахам, можна быць святым сем’янінам, дырэктарам ці рабочым. Многія свецкія людзі сталі святымі.
Кожнае дзіця прыйшло апранутае ў свайго ўлюбёнага святога. Разам са святаром яны думалі над пытаннямі, якія датычаць святасці жыцця і таго, як яны ў сваім узросце могуць стаць святымі.
“Ці хочаш ты стаць святым, ці думаеш пра гэта? Пан чакае твайго адказу. Ён хоча, каб ты быў святым чалавекам”, – на гэта звярталі ўвагу арганізатары сустрэчы.
Віталій Гурэц