16 кастрычніка шасцёра братоў з Таварыства каталіцкага апостальства (палатыны) прынялі ў семінарыйным касцёле ў Алтажаве (Польшча) дыяканскае пасвячэнне.
Сярод іх двое з Беларусі: Максiм Боландзь з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фарa) i Павел Казлоўскі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Белаазёрску (Пінская дыяцэзія).
Пасвячэнне ўдзяліў ардынарый Элблангскай дыяцэзіі біскуп Яцэк Езерскі.
Сярод шматлікіх прысутных на ўрачыстай Імшы святароў былі пробашчы кандыдатаў да пасвячэння і ксяндзы палатыны, якія служаць у Беларусі.
Біскуп у гаміліі адзначыў, што, як Майсею было дадзена семдзясят новых памочнікаў, так і апосталы ўзялі сабе на дапамогу семярых мужчын.
Іерарх звярнуў увагу, што дыяканат з’яўляецца пастаяннай структурай у Касцёле, а пасля Другога Ватыканскага Сабору перажывае сваё адраджэнне ў форме сталага дыяканату, пасвячэнне якога прымаецца як канчатковае. Біскуп дадаў, што неабходнай рысай жыцця і функцыянавання дыякана павінна быць даступнасць. “Місія і служэнне дыякана – гэта наследаванне служэння Хрыста”, – нагадаў ён.
На заканчэнне Эўхарыстыі словы падзякі выказаў настаяцель правінцыі Хрыста Валадара Таварыства каталіцкага апостальства кс. Зянон Ганас SAC. Святар звярнуў увагу, што сабраты становяцца дыяканамі тады, калі ў Касцёле распачынаецца сінадальны працэс, і значыць можна казаць, што яны будуць сінадальнымі дыяканамі.
Дзякуючы бацькам новых дыяканаў, святар выказаў таксама шкадаванне з-за адсутнасці родных і знаёмых сабратоў з Беларусі, якія не маглі ў гэты дзень прысутнічаць на ўрачыстасці.
Матэуш Васінскі SAC