Skip to main content

Сустрэча ўдзельнікаў руху “Жывы Ружанец” адбылася ў Тракелях

2 49 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча ўдзельнікаў руху “Жывы Ружанец”.

Арганізатарам сустрэчы стаў кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі. На ёй сабраліся ўдзельнікі гэтага малітоўнага руху з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Асаблівая ўвага на сустрэчы ўдзялялася ружанцовай малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Прысутныя маліліся за ўвесь Касцёл, які адзначае 30-гадовы юбілей адраджэння сваіх структур у Беларусі.

Урачыстую Імшу цэлебраваў кс. Юрый Бяганскі ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Беларусі: біскупаў, святароў, сясцёр законных, вернікаў, за дабрадзеяў Касцёла, дзякуючы якім узнікалі і адраджаліся новыя святыні, за ўсіх памерлых, якія прычыніліся да захавання веры на нашых землях, ахвярна абвяшчалі Божае слова, тым самым прыводзячы іншых да збаўлення, і за ўсе малітоўныя групы, якія існуюць у структуры сучаснага Касцёла.

3 4

У гаміліі святар прадставіў гісторыю ўтварэння каталіцкіх структур, этапы развіцця з заснавання да сённяшняга дня.

“За 30 гадоў Касцёл прайшоў значны шлях у сваім развіцці, адраджэнні і станаўленні. Толькі Бог ведае, колькі ласкаў атрымаў свет дзякуючы людзям, якія ахвяруюць свой час і намаганні ў ружанцовай маліве. “Жывы Ружанец” – гэта вялікі скарб у жыцці Касцёла”, – адзначыў святар.

На заканчэнне сустрэчы кс. Юрый Бяганскі падзякаваў удзельнікам руху “Жывы Ружанец”, тым, хто стараецца рабіць усё магчымае, каб сучасны Касцёл быў моцны.

Таксама ён выказаў удзячнасць Богу і Маці Божай за ўсе ласкі, удзеленыя Касцёлу на працягу 30 гадоў.

1 2

30-я гадавіна – добрая нагода, яшчэ раз зірнуць на шлях, які прайшоў наш Касцёл, і пачаць пісаць новую старонку гісторыі. Няхай яна будзе напоўнена надзеяй, а на шляху яму спадарожнічае заступніцтва Маці Божай.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі