7 кастрычніка ў парафіі св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай, абраз якой шмат гадоў знаходзіўся ў касцёле.
Як паведамляе сайт варнянскай парафіі, урачыстасць распачалася сумеснай малітвай на ружанцы. Пасля адбылося завяршэнне навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай.
Штодня на працягу апошніх дзевяці дзён вернікі парафіі праслаўлялі праз малітвы Маці Божую Ружанцовую, узносілі да Яе просьбы аб здароўі для сваіх сем’яў і дзякавалі Богу за дар Марыі ў сваім жыцці.
Завяршыўшы навэнну, пробашч кс. Віктар Захарэўскі, парафіяне, святары выйшлі разам сустрэць паважанага госця ўрачыстасці – дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандра Яшэўскага SDB.
Падчас урачыстасці адбылася гістарычная падзея – былі асвячаны нядаўна адноўленыя ў святыні алтар, амбон, балюстрады, трон. Будаўніцтва і ўпрыгожванне касцёла скончыла 28 кастрычніка 1769 года Марыяна Абрамовіч, ён быў асвячаны ў гэты дзень біскупам Віленскім Тамашам Зяньковічам.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распавёў на Імшы пра Марыю – нашу нябесную Маці, да якой трэба штодзённа звяртацца праз малітву і прасіць аб дапамозе. Іерарх нагадаў прысутным, што любімая малітва Маці Божай – Ружанец.
Біскуп прывёў цікавыя звесткі пра малітву на ружанцы, якія сведчаць аб яе моцы і цудзе. Ён нагадаў пра акцёра Джэймса Кэвізела, які выканаў роль Езуса Хрыста ў мастацкім фільме “Пакуты Хрыстовыя”, і пра яго адданасць малітве на ружанцы, якая дапамагла яму ўжыцца ў ролю, перажыць кожны момант пакутаў, бічаванняў, укаранавання. Дзякуючы малітве на ружанцы, Маці Божая вядзе чалавека далей, чым ён можа сабе ўявіць.
Біскуп дадаў, што кішэня католіка без ружанца – як кашалёк без грошай, ружанец павінен быць у кожнага веруючага ў кішэні, каб у любы момант мець магчымасць яго дастаць і памаліцца.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Пробашч кс. Віктар Захарэўскі выказаў усім удзячнасць за дар супольнай малітвы, а таксама разам з прадстаўнікамі парафіяльнага камітэту падзякаваў біскупу за знойдзены час завітаць у парафію ў гэты светлы дзень.