Skip to main content

Адбылося асвячэнне Касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля

Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы быў асвечаны 15 кастрычніка. Парафія рыхтавалася да гэтай падзеі 18 гадоў – столькі часу ўзводзілася святыня. На ўрачыстую св. Імшу, прысвечаную асвячэнню касцёла, прыбылі тысячы вернікаў, духавенства, гарадскія ўлады і госці з-за мяжы.
Падчас св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да ўсіх прысутных з казаннем, у якім сярод іншага адзначыў:

- Вашыя сэрцы – гэта жывыя камяні, якія робяцца ўпрыгожваннем духоўнай святыні… Калі я гляджу на вашу святыню, узбудаваную з такой любоўю, перад вачыма ўстаюць новыя касцёлы і капліцы, узведзеныя за апошнія гады ў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама тыя, якія яшчэ будуюцца, бо у іх ёсць вельмі вялікая патрэба. Усе яны, як і гэтая святыня, з’яўляюцца вынікам супрацы пастыраў і вернікаў кожнай парафіі.

У здзяйсненні літургічных абрадаў ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу дапамагаў новапасвечаны дыякан манах-рэдэмптарыст Эдуард Петэльчыц. Падчас спецыяльнага абраду асвячэння касцёла адбылося акрапленне сцен. Пасля ксёндз біскуп асвяціў храм унутры, просячы аб дапамозе Святога Духа. Затым Яго Эксцэленцыя намасціў алтар і сцены храма алеем. Пазней адбылося кадзенне алтара і касцёла.

Увечары быў арганізаваны канцэрт духоўнай музыкі, прысвечаны бл. Яну Паўлу II, які заснаваў Гродзенскую дыяцэзію.