Адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Францішка Асізскага адбылася 3 кастрычніка ў парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат).
У 400-гадовай францішканскай святыні сабраліся вернікі і госці парафіі. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына. На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv. Прыбылі таксама святары дэканату: кс. канонік Юзаф Занеўскі з Жупран, кс. Юрый Ёдзік з Цудзенішак, дзякуючы паслузе якога можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
У гаміліі кс. Ян Пузына распавядаў, што кожны чалавек шукае шчасця і яно для кожнага сваё. Для святога Францішка шчасцем было прыпадабненне да Езуса Хрыста, стыгматы, якія ён атрымаў ад Бога. Ксёндз Ян заклікаў звяртацца да святога і наследаваць яго ў сваім жыцці.
Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Літанія да св. Францішка, затым прысутныя прайшлі ў Эўхарыстычнай працэсіі каля касцёла. Прыгожа і велічна гучаў у касцёле гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”, якім вернікі дзякавалі Пану за дар св. Францішка.
На заканчэнне адпустовай урачыстасці а. Багуслаў Вуйтовіч выказаў удзячнасць парафіянам за прыгажосць у святыні і супольную малітву, а прысутным святарам – за прысвечаны на гэтую сустрэчу час.
Людміла Пясецкая