3 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію св. Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ў Астрыне (Шчучынскі дэканат). Нагодай было 25-годдзе з часу пабудовы і асвячэння мясцовага касцёла, які мае тытул Божай Міласэрнасці, а таксама адпустовая ўрачыстасць парафіі.
Парафія ў Астрыне была створана ў 1992 г., святыня была пабудавана праз чатыры гады і асвячана 12 верасня 1996 г.
На ўрачыстасці падзякі за 25 гадоў касцёла, будаўніцтва якога распачаў кс. Тадэвуш Крыштопік, а працягваў і завяршыў кс. Станіслаў Росек SCJ, сабраліся шматлікія парафіяне і госці.
Прыбылі таксама святары Шчучынскага дэканату, каб супольна з вернікамі парафіі дзякаваць за тых, якія працавалі на будаўніцтве, падтрымлівалі гэтую працу фінансава, ахвяроўвалі Богу свае малітвы, цярпенні і асабістыя вырачэнні, просячы благаслаўлення і поспеху для будаўнікоў.
Імшу падзякі біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто сёння ўтварае парафіяльную супольнасць на чале з яе пробашчам кс. Зянонам Рамейкам SCJ.
Вітаючы іерарха, пробашч падкрэсліў, што многія з тых, хто будаваў гэты касцёл, ужо адышлі па ўзнагароду да Пана, але дзякуючы велізарнаму ўдзелу ў арганізацыйных і будаўнічых працах ці фінансавай дапамозе менавіта яны прычыніліся да таго, што святыня выглядае так, як сёння.
“Іх малітвы і працу мы лічым узорам маладому пакаленню, якое атрымала гэтую святыню ў дар”, – дадаў кс. Рамейка, падкрэсліўшы, што касцёл стаў асаблівым месцам, дзе вернікі маюць магчымасць праслаўляць у Тройцы Адзінага Бога і шчыра Яму дзякаваць.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ў гаміліі нагадаў пра тых, якія стаялі ля пачаткаў утварэння парафіі і будаўніцтва святыні, а таксама прычыніліся да таго, што сёння яна ўзрушвае прыгажосцю, поўнай гармоніі і годнасці.
“Калі мы збіраемся на малітве ў прыгожай, годнай святыні, якая захапляе сваім выглядам, нашы думкі і пачуцці яшчэ больш узносяцца да Бога, а ў сэрцы нараджаецца жаданне імкнуцца да большай святасці і духоўнай дасканаласці”, – дадаў іерарх.
Біскуп нагадаў таксама пра св. Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, адну з найбольш вядомых і шанаваных святых, прыклад жыцця і пасланне якой застаюцца актуальнымі і якая апякуецца гэтай парафіяй.
З нагоды адпустовай урачыстасці ў гонар святой, узгадваючы і ўхваляючы прыклад яе жыцця, біскуп заахвоціў парафіян, каб яны прасілі для сябе і ўсёй сваёй супольнасці аб ласцы жывой веры. “Такой веры, якая палала ў сэрцы вашай апякункі. Яе вера была проста адказам на бязмернасць Божай любові”, – сказаў іерарх.
Ён дадаў, што Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса ішла да святасці так званай малой дарогай, якая заключалася ў простым, пакорным, даверлівым прыняцці ўсяго, што дае Бог, і разумення гэтага як дару для нашага збаўлення.
“Няхай і наша штодзённае жыццё, з яго клопатамі, смуткам, цярпеннямі і працай, будзе нашай малой дарогай, якая прывядзе да сустрэчы з Хрыстом, нашым Панам і Адкупіцелем”, – адзначыў біскуп.
На заканчэнне Імшы вернікі выказалі словы ўдзячнасці пастыру Гродзенскай дыяцэзіі за асвячэнне іх парафіяльнага касцёла 25 гадоў таму і за гэтую выключную сустрэчу на Эўхарыстыі падзякі.
Парафіяне выказалі надзею, што, навучаныя словам і ўмацаваныя пастырскім благаслаўленнем, яны з яшчэ большай руплівасцю будуць клапаціцца пра сваю супольнасць, што ў будучыні прынясе плён узрастання і паглыблення іх веры.
Затым перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам іерарх прамовіў акт даручэння парафіі, просячы добрага Бога, каб усе, хто ўтварае парафіяльную сям’ю ў Астрыне, маглі і далей “любоўю Езуса жыць, любоўю Езуса вучыцца, любоўю Езуса працаваць і з любоўю Езуса праз усё жыццё ісці, а таксама да вечнасці дайсці”.
Кс. Юрый Марціновіч