Skip to main content

Прэзентацыя кнігі а. Юзафа Макарчыка OFMConv “Нататнік з Гродзенскага гета”

Кніга змяшчае аўтэнтычныя запісы, якія былі выпадкова знойдзены а. Тытусам Стшэлевічам больш за паўстагоддзя таму ў руінах Гродзенскага гета. Іх ўтарам з’яўляецца адзін з 29-ці тысяч габрэяў-вязняў. Прэзентацыя выдання адбылася ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.
Імя аўтара дзённіка застаецца невядомым да нашага часу. Гісторыкі мяркуюць, што гэта быў адукаваны чалавек ва ўзросце 40 гадоў, які на працягу васьмі тыдняў у 1943 г. разам з іншымі гродзенскімі габрэямі знаходзіўся ў сховішчы на гарышчы аднаго з дамоў. Як падкрэсліў гісторык Уладзімір Ляўшук падчас прэзентацыі  , апублікаваныя тэксты – адзін з нямногіх дакументаў пра знішчэнне габрэяў. 

Першыя спробы выдаць “Нататнік” былі зроблены ў 1967 г., калі а. Цэзары Баран у Варшаве надрукаваў яго тэкст на машынцы. Далейшыя намаганні прыклаў а. праф. Цэлестын Напюркоўскі ў 2000 г., калі падрыхтаваў тэкст да друку, але выдаць яго тады не атрымалася. І толькі цяпер, дзякуючы намаганням а. Юзафа Макарчыка, кніга ўбачыла свет.

- Мне хацелася, каб апублікаваныя тэксты прамовілі сваёй аўтэнтычнасцю, поўнай болю, трагедыі, пакут бязвінна забітых людзей, - падкрэсліў а. Юзаф.

На прэзентацыю а. Юзаф запрасіў жывых сведкаў гісторыі тых страшных часоў. Грыгорый Хасід, былы вязень Гродзенскага гета, а таксама Захар Тарасевіч, вязень канцлагера Аўшвіц, ахвяра вопытаў доктара Менгеле, распавялі трагічныя гісторыі з часоў фашысцкай акупацыі.

Грыгорый Хасід

“Нататнік Гродзенскага гета” выйшаў на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах.