Skip to main content

Савіо-клуб пры смаргонскім араторыі распачаў новы душпастырскі год

photo 2021 09 25 16 13 43У дзяцей з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні ёсць магчымасць ісці да святасці, наследуючы св. Дамініка Савіо праз удзел у Савіо-клубе. Гэты клуб у салезіянскім араторыі дзейнічае ўжо 10 гадоў.

Як паведамляе sdb.by, дзеці разам з аніматарамі шукаюць уласны шлях да святасці праз сумесныя малітвы, духоўныя размовы, віктарыны, гульні, вандроўкі.

У гэтым годзе Савіо-клуб папоўніўся новымі ўдзельнікамі. Зараз ён налічвае каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў – малодшую і старэйшую групы.

photo 2021 09 25 16 13 37 3

Першая сустрэча клубу адбылася 24 верасня. На свяце прысутнічалі дзеці разам са сваімі бацькамі, а таксама аніматары клубу. На сустрэчы адбылося знаёмства з дзейнасцю суполкі, прагляд фотаздымкаў з мінулага года і прадстаўленне аніматараў, танцы і гульні.

Выпускнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі і вопытам трохгадовай фармацыі, далі малодшым парады не губляць час і цаніць кожны момант прабывання ў клубе.

photo 2021 09 25 16 13 38 3

У суполку былі прыняты 17 новых дзяцей 5 класу, якія выказалі жаданне дасягаць святасці і жыць па прыкладу св. Дамініка Савіо. 11 хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо скончылі сваю трохгадовую фармацыю, былі ўрачыста павіншаваны і атрымалі памятныя дыпломы і кубкі з эмблемай клубу.

На заканчэнне сустрэчы семінарыст Міхаіл Вішнеўскі SDB прамовіў “слоўка на дабранач”, падзяліўшыся з прысутнымі традыцыяй кс. Боско маліцца кожны вечар тры “Вітай, Марыя” – каб пазбегнуць цяжкага граху, каб захаваць чыстымі нашыя сэрцы і каб пазбегнуць дрэнных сяброў. Святы Дамінік Савіо казаў: “Лепш памерці, чым зграшыць”.

Савіо-клуб – добрая магчымасць знайсці сапраўдных сяброў і паплечнікаў па агульнай мэце жыцця: дасягненні святасці.

photo 2021 09 25 16 13 41 2