Спеў гімна студэнтаў “Gaudeamus igitur” у чарговы раз загучаў у сценах Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, распачынаючы навучальны год.
25 верасня ўрачыстай цырымоніяй семінарыя ў 32-і раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу.
На цырымонію прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі намінат Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і выхаваўцы, духавенства, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, бацькі і блізкія семінарыстаў.
Усіх удзельнікаў прывітаў арцыбіскуп намінат Станеўскі, які з’яўляецца выпускніком гэтай навучальнай установы і шмат гадоў быў яе рэктарам. Іерарх падкрэсліў, што чарговы навучальны год становіцца для семінарыстаў нагодай, каб на шляху да святарства “дакрануцца да гісторыі ўсіх, каго Пан Бог паклікаў да свайго служэння ў Касцёле”.
Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі пажадаў семінарыстам, якіх у гэтым навучальным годзе 35, каб падчас фармацыі яны “сустракалі Езуса Хрыста і імкнуліся ўсталяваць з Ім трывалыя і сяброўскія адносіны”.
Прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі прадставіў прысутным справаздачу за мінулы навучальны год, у якой заўважыў, што гэты час не быў такім багатым на падзеі, як штогод, з-за пандэміі каранавірусу, але адбылося шмат значных для семінарыйнай супольнасці падзей. Прэфект адзначыў, што семінарысты, наколькі было магчыма, удзельнічалі ў жыцці Касцёла і мелі нагоду здабываць душпастырскі досвед, які спатрэбіцца ім у далейшай фармацыі, а потым у святарскім жыцці.
З дакладам на ўрачыстае распачацце навучальнага года выступіў выкладчык пастаральнай тэалогіі і сродкаў сацыяльнай камунікацыі кс. доктар Юрый Жэгарын. Даклад быў прысвечаны тэме “Новыя медыя – небяспека ці магчымасці для новай евангелізацыі?”. Святар падкрэсліў, што сёння гэтае пытанне з’яўляецца як ніколі актуальным і нават балючым для душпастыраў і ўсіх, хто працуе ў галіне новай евангелізацыі.
Па словах кс. Жэгарына, евангелізацыйная дзейнасць Касцёла ў сацыяльных медыя і праз іх патрабуе тэалагічна-душпастырскіх перадумоў.
Затым да прысутных звярнуўся рэктар семінарыі кс. Віталій Вайцяхоўскі, які адзначыў, што ўрачыстае распачацце навучальнага года – падзея заўсёды радасная і напоўненая надзеяй на будучыню.
Звяртаючыся да семінарыстаў, святар падкрэсліў, што іх задача – “паказаць кірунак і сапраўдныя каштоўнасці”. “Вы тыя, хто павінен будзе распавесці сучаснікам на зразумелай мове, як Бог нас любіць. Мы спадзяемся на вас, Касцёл спадзяецца на вас”, – сказаў кс. Вайцяхоўскі, дадаўшы, што гэта нялёгкая задача і яе нельга выканаць толькі праз словы.
Рэктар заахвоціў усіх прысутных і людзей добрай волі “далучыцца да будавання семінарыйнай сям’і любым з магчымых спосабаў”.
Цырымонія адкрыцця навучальнага года завяршылася ўручэннем заліковак студэнтам першага курса, якіх сёлета 7.
Затым адбылася Імша ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі), якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Кс. Юрый Марціновіч