Skip to main content

Біскуп Гродзенскі прыняў удзел у юбілейных урачыстасцях у Бялынічах

bialyniczy 4017-18 верасня ў Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбыліся агульнабеларускія ўрачыстасці з нагоды 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай. Урачыстасці з удзелам усяго беларускага епіскапату сталі выразам падзякі Богу за 30 гадоў з часу аднаўлення касцёльных структур у Беларусі. У святкаваннях удзельнічаў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Урачыстасці былі арганізаваны біскупскім вікарыем для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB. Яны пачаліся канферэнцыяй у Раённым цэнтры культуры, на якой выступіў між іншым пробашч лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. доктар Уладзімір Гуляй з дакладам “Марыйны культ у Беларусі”.

bialyniczy 44

Галоўнай рэліквіяй урачыстасцяў стала копія абраза Маці Божай Бялыніцкай, арыгінал якога лічыцца страчаным. Копія XVII стагоддзя знойдзена ў могілкавай капліцы каля вёскі Сноў. Абраз быў адрэстаўраваны і захоўваецца ў фондах музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі.

На заканчэнне ўрачыстасцяў новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай. Акт прысвячэння быў прачытаны падчас Імшы на старадаўніх могілках у Бялынічах, у якой удзельнічалі беларускія каталіцкія іерархі на чале са Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама Апостальскі нунцый у нашай краіне арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віталій Палінеўскі, catholic.by