Skip to main content

55 гадоў святарскай паслугі

Апошні дзень верасня ў парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ (Гродна-Паўднёвы) быў незвычайны. У гэты дзень падчас св. Імшы парафіяльная супольнасць дзякавала Богу за 55 гадоў святарскай паслугі ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў Шаноўны Юбіляр. На пачатку Эўхарыстыі, падчас працэсіі на ўваход, парафіяльная моладзь і дзеці ўвялі Юбіляра ў вянцы.
З Божым словам да вернікаў звярнуўся кс. Тадэвуш Крыштопік, які прыгадаў усім прысутным пра жыццё і дзейнасць ксяндза прэлата, а таксама пра тае, які вялікі дар пакінуў Бог для чалавека ў сакраманце святарства. Кс. Юзаф атрымаў святарскія пасвячэнні ў цяжкія часы.

У працэсіі з дарамі прынялі ўдзел тыя, каму кс. Юзаф удзяліў святыя Сакраманты. На заканчэнне Эўхарыстыі ад імя ўсіх святароў гарачыя пажаданні Юбіляру склаў а. Андрэй Шчупал (CSsR). Пасля св. Імшы ў ніжнім касцёле адбылося ўрачыстае спатканне: слоўна-музычная праграма, прысвечаная святарству, а таксама мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці і душпастырскай службе кс. Юзафа. Трэба адзначыць, што кс. Юзаф прыбыў на душпастырскую службу ў Гродна ў 1977 годзе. Як адзначае сам Юбіляр: “Найважнейшымі для мяне былі праца ў парафіі і асабістае духоўнае жыццё. Маім скарбам былі чалавечыя душы і жаданне, каб яны пазналі Бога, бо тады ёсць надзея на збаўленне. Неаднойчы я хадзіў па дамах, пабуджаючы людзей упарадкаваць сваё жыццё. Найлепшай магчымасцю выхоўваць вернікаў былі казанні. Я іх заўсёды рыхтаваў загадзя (…)”.

Жадаем ксяндзу прэлату Юзафу мноства Божых ласкаў.