14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Папа Францішак прызначыў біскупа Юзафа Станеўскага, да гэтага моманту дапаможнага біскупа і генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі, арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
Aрцыбіскуп намінат нарадзіўся 4 красавіка 1969 г. у вёсцы Заневічы недалёка ад Гродна ў сям’і Рамуальда і Гэлены Станеўскіх. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Луцкаўлянах у 1986 г. атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. У тым жа годзе пачаў вучобу ў ваенна-тэхнічнай школе, пасля заканчэння якой у 1987-1989 гадах служыў у войску.
У 1990 г. як адзін з першых кандыдатаў быў залічаны на вучобу ў заснаваную ў тым жа годзе біскупам Тадэвушам Кандрусевічам Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Дыяканскае пасвячэнне атрымаў 8 снежня 1994 г., прэзбітэрскае – 17 чэрвеня 1995 г. з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Быў накіраваны на душпастырскую працу ў парафію св. Вацлава ў Ваўкавыску, дзе ў 1995-1996 гадах выконваў абавязкі вікарыя.
У 1996-1999 гадах спецыялізаваўся ў галіне кананічнага права ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы, дзе атрымаў ступень магістра кананічнага права, абараніўшы працу на тэму “Працэсуальныя правы бакоў у выпадку скасавання шлюбу”.
У 1999 годзе быў прызначаны прэфектам і выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
З 2000 года з’яўляўся суддзёй біскупскага суду ў Гродне, з красавіка 2005 года – віцэ-афіцыялам гэтага суду.
З 2001 года з’яўляўся членам святарскай рады Гродзенскай дыяцэзіі.
У 2004-2005 навучальным годзе чытаў лекцыі ў галіне кананічнага права на курсах катэхетаў у Гродне.
З 23 чэрвеня 2005 года з’яўляўся рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У 2007-2013 гадах быў адказным за душпастырскую фармацыю маладых святароў у Гродзенскай дыяцэзіі.
У 2008 годзе ўвайшоў у Калегію кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі. З 2009 года з’яўляўся каардынатарам душпастырства пакліканняў.
12 сакавіка 2012 г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў ксяндза Юзафа Станеўскага капеланам Яго Святасці.
29 лістапада 2013 г. Папа Францішак прызначыў ксяндза прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з наданнем звання тытулярнага біскупа дыяцэзіі Tabaicara. 1 лютага 2014 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне.
3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала біскупа Юзафа Станеўскага сваім генеральным сакратаром.
У беларускім епіскапаце іерарх з’яўляецца таксама старшынёй Рады па справах свецкіх і моладзі і членам Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі