Skip to main content

Адбыліся рэкалекцыі для міністрантаў лідскай парафіі Святой Сям’і

minitranty sw rodzina 71З 26 па 29 жніўня прайшлі рэкалекцыі для міністрантаў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. У іх прынялі ўдзел каля 20 юнакоў. Месцам духоўных практыкаванняў стала вёска Няцеч, дзе некалькімі тыднямі раней праходзілі таксама рэкалекцыі для моладзі гэтай парафіі.

Юнакі сумесна праводзілі час у супольнасці, стараліся як можна лепш распазнаць голас Бога, упарадкаваць свой унутраны свет, адчуць смак веры і малітвы.

Міністранты ахвотна паглыбляюць рэлігійныя веды і лепш пазнаюць літургію на сустрэчах падчас навучальнага года, а гэтыя рэкалекцыі сталі своеасаблівым падсумаваннем сустрэч і магчымасцю аднавіць духоўныя сілы перад распачаццем новага навучальнага года. Такія рэкалекцыі праводзяцца штогод.

У праграме былі штодзённая Эўхарыстыя, катэхезы, разважанне над Божым словам, набажэнствы, а таксама конкурсы і гульні.

minitranty sw rodzina 52

Напрыканцы дня падчас вячэрніх малітваў міністранты вучыліся дзякаваць за дабро, дадзенае Богам, і перапрашаць за грэшныя ўчынкі. Яны праслаўлялі Бога супольнымі спевамі, умацоўвалі сваю еднасць з Езусам і паміж сабой.

Сустрэча стала добрай матывацыяй, каб з яшчэ большай руплівасцю і адданасцю служыць Езусу Хрысту і сваёй парафіяльнай супольнасці, а таксама не стаяць на месцы, а развіваць сваё духоўнае жыццё і паглыбляць рэлігійныя веды.

Aндрэй Юхнік