З 17 па 19 жніўня на аграсядзібе ў Вайнідзенятах (Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць) міністранты смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла мелі магчымасць правесці час на сумесным адпачынку. Дзякуючы цікавым працоўным блокам кожны з удзельнікаў змог цалкам пагрузіцца ў тэму лагера - "Міністрант - рыцар алтара".
Кожны дзень адпачынку быў напоўнены цікавай праграмай, якая дапамагала задумацца над пытаннем "Які я?". На пачатку лагера хлопцы пазнаёміліся з рознымі сімваламі рыцара, а пазней разам стварылі герб каманды, які складаўся з сімвалаў кожнага з удзельнікаў. Падчас святых Імшаў міністранты мелі магчымасць паразважаць над тым, які кожны з іх сёння, якім бачыць сябе ў будучыні, якія крокі неабходна зрабіць, каб удасканальвацца.
На другі дзень лагера хлопцаў чакала выправа, падчас якой ім прыйшлося сутыкнуцца з рознымі выпрабаваннямі, так ці іначай звязанымі з рыцарскім або міністрантскім кодэксам. Дзякуючы рэфлексіі хлопцы змаглі падзяліць рыцарскія і міністранскія правілы.
Трэці дзень быў сфакусаваны на моманце пустыні. Міністранты задумаліся над крокамі, якія ім дапамогуць дасягнуць мэты ў будучыні. Таксама падчас святой Імшы хлопцы падзякавалі Богу за кожны дзень лагера.