Skip to main content

“Канікулы з Богам” прайшлі ў Сапоцкіне

sapockin 37Пры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне былі арганізаваны “канікулы з Богам” для дзяцей.

Для ўдзельнікаў гэта быў час не толькі адпачынку і забаваў, але і рэлігійнай фармацыі.

На канікулах сабраліся 42 дзіцяці, якія ў чатырох групах пад апекай моладзі, для якой калісьці таксама праводзіліся такія канікулы, вучыліся разам маліцца, забаўляцца і адносіцца адзін да аднаго з павагай.

Эўхарыстыя, катэхеза, супольная малітва былі цэнтрам кожнага дня. Праграма была вельмі багатай на падзеі і паездкі.

У адзін з дзён канікул дзеці рабілі букеты з кветак, а таксама гатавалі бутэрброды для супольнага пачастунку.

sapockin 30

У іншы дзень яны здзейснілі пілігрымку ў Парэчча, родную парафію пробашча. Яны разважалі пра важнасць прабачэння, а таксама пра тое, што навучыцца прабачаць можна, часта стоячы пад крыжам Езуса.

Акрамя таго, дзеці ўдзельнічалі ў Фацімскім набажэнстве, падчас малітвы Ружанца і Эўхарыстыі молячыся за ўсіх, хто далёкі ад Пана, і просячы, каб самі яны заўсёды любілі Бога і Найсвяцейшую Маці.

На наступны дзень дзеці разважалі пра зямное жыццё і вечнасць, пра тое, што не трэба адкладваць выпраўленне свайго жыцця на пазнейшы час, а трэба старацца добра перажываць кожны дзень, бо мы не ведаем, колькі будзе працягвацца наша жыццё.

Напэўна, найважнейшай падзеяй гэтых “канікул з Богам” была паездка ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Там дзеці дзякавалі добраму Богу за свае сем’і і прасілі Найсвяцейшую Панну Марыю быць Каралевай кожнай сям’і ў іх парафіі.

sapockin 50

Пасля святой Імшы і абеду ў санктуарыі былі чарговыя забавы: рыбалка, катанне на кані.

Шматлікія духоўныя перажыванні, а таксама забавы садзейнічалі таму, што дзеці вярталіся дадому поўныя радасці і ўдзячнасці.

У апошні дзень парафіяльных канікул дзеці на Эўхарыстыі дзякавалі Пану Езусу за тое, што Ён заўсёды запрашае іх на сваю Вячэру, і прасілі зрабіць так, каб яны маглі заўсёды быць ва ўбранні Божай ласкі.

Яны дзякавалі за “канікулы з Богам”, за ўсе ласкі, якія ім удзяліў Пан у гэты радасны час, за добрае надвор’е і ўсіх, хто дапамагаў ім і апекаваўся імі.

Няхай за ўсё гэта Бог будзе праслаўлены.

Кс. Юрый Марціновіч