Skip to main content

Адпустовую ўрачыстасць Унебаўзяцця Панны Марыі адзначылі з удзелам біскупа Станеўскага ў Дзятлаве

dziatlawa 3615 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Як паведамляе "Дзятлава Анлайн" , госці ўрачыстасці ў суправаджэнні новаяльнянскага аркестру прайшлі да касцёла на чале з прадстаўнікамі гаспадарак раёна, якія трымалі ў руках снапы новага ўраджаю.

Генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага прывіталі хлебам-соллю, кветкамі і салодкім падарункам. Хор “Ветэраны ў страі” сустрэў гасцей песняй “Багародзіца”.

На пачатку святочнай Імшы пробашч парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB павітаў усіх прысутных, падзякаваў сваім парафіянам за актыўнасць і шчырыя сэрцы.

dziatlawa 21

Біскуп Станеўскі заклікаў удзельнікаў урачыстасці разам памаліцца і падзякаваць Пану Богу за новы ўраджай.

“Яшчэ нядаўна былі зажынкі, калі на хлебных палетках каталіцкія і праваслаўныя святары асвячалі сельскагаспадарчую тэхніку і благаслаўлялі работнікаў гаспадарак на плённую працу са словам Божым. А ўжо сёння мы ўсе прыйшлі падзякаваць Пану Богу за добры ўраджай, за хлеб на нашым стале і за наша жыццё, поўнае радасці”, – сказаў іерарх.

На заканчэнне Імшы адбылося благаслаўленне кветак, садавіны і гародніны, а для прадстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна – снапоў з каласоў новага ўраджаю.

Свята наведаў таксама першы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Віталій Шулейка.