15 жніўня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У дудскай святыні на яе традыцыйна збіраецца шмат вернікаў не толькі з мясцовай парафіі, але і з усіх парафій Іўеўскага дэканату.
На працягу многіх гадоў на гэты фэст прыбывалі вернікі з наваколля. Сёлета ў Дуды прыйшло некалькі індывідуальных груп з Іўя. Гэта былі прадстаўнікі “Легіёну Марыі”, “Маці ў малітве”, настаўнікі, адна з груп была сямейнай. Пілігрымы выходзілі ад іўеўскага касцёла і на працягу шляху, які складаў крыху больш за шэсць кіламетраў, маліліся на ружанцы і спявалі рэлігійныя песні, праслаўляючы Езуса і Марыю.
Урачыстую літургію, якой папярэднічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, цэлебравалі дэкан Іўеўскага дэканату ксёндз канонік Віктар Субель, пробашч парафіі ў Эйсмантах ксёндз Юрый Ясевіч і пробашч парафіі ў Дудах ксёндз Вячаслаў Матукевіч.
Ксёндз Юрый Ясевіч у гаміліі распавёў сэнс і гісторыю гэтага свята.
Пасля Імшы пробашч парафіі падзякаваў усім за супольную малітву, за ўпрыгожванне касцёла, падзякаваў таксама святарам, якія служылі ў канфесіяналах.
Затым адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, благаслаўленне кветак і рэлігійных рэчаў.
Пасля вернікі маглі наведаць святочны кірмаш, на якім прадаваліся абразы, ружанцы, сувенірныя вырабы з дрэва і гліны, а для дзяцей – прысмакі, сярод якіх самымі смачнымі з’яўляюцца карамельныя “пеўнікі”.
Раман Ярмош