Skip to main content

Бежмаванне ў Навагрудку

novogradok 6У свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала ў парафіяльным касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылося бежмаванне. Кс. бп Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую святую Імшу і абвясціў гамілію. Ён заахвоціў вернікаў, каб па прыкладзе св. Міхала Арханёла яны заўсёды ішлі за голасам Усемагутнага Бога.
Ксёндз біскуп заклікаў прысутную моладзь сваім маладым жыццём даваць сведчанне Божай прысутнасці ў іх асяроддзях. Пастыр адзначыў: “Сведчанне вернікаў дапамагае кожнаму з нас пакаштаваць смак раю”.

На заканчэнне св. Імшы ксёндз біскуп асвяціў крыжыкі, якія раздалі пабежмаваным вернікам. Кс. Аляксандр Баклажэц, пробашч парафіі, адзначыў, што каб свядома прыняць сакрамант бежмавання і быць адказнымі за сваё рэлігійнае жыццё, вернікі рыхтаваліся да яго на працягу цэлага года. Да сакраманту прыступіла 76 чалавек, у тым ліку 15 з Бярозаўкі. Апошні раз бежмаванне ў парафіі адбылося падчас візітацыі ў 2006 годзе.