8 жніўня вернікі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі прывіталі свайго новага пробашча кс. Паўла Калесніка.
Да гэтага часу святар шмат гадоў быў пробашчам у парафіях Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках і Маці Божай Добрай Рады ў Нястанішках (Смаргонскі дэканат), а таксама дэканам Смаргонскага дэканату.
Новага пробашча ўрачыста прадставіў парафіянам біскупскі вікарый па Лідскай акрузе ксёндз канонік Уладзімір Гуляй.
На пачатку па даручэнні пастыра Гродзенскай дыяцэзіі біскупскі вікарый прачытаў яго дэкрэт і звярнуўся да новага пробашча парафіі са словам:
“Паважаны ксёндз Павел Калеснік! Урачыста аб’яўляю, што ты атрымліваеш у гэтай парафіі ўладу пробашча, якой цябе надзяляе Рыма-Каталіцкі Касцёл, аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў, нагадваючы, што калісьці ты будзеш адказваць за іх на судзе Божым. Аддаю таксама табе ў апеку матэрыяльны стан гэтай парафіі”.
Затым ксёндз Уладзімір благаславіў новага пастыра парафіі і павіншаваў яго ад імя біскупаў нашай дыяцэзіі, святароў і законніц Іўеўскага дэканату, а асабліва ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці.
Ксёндз Павел прамовіў малітву “Веру ў Бога” і прынёс урачыстую прысягу вернага здзяйснення абавязкаў пробашча. Затым была падпісана дэкларацыя аб тым, што намінант прачытаў прысягу вернасці і пратакол уступлення ў пасаду пробашча.
Таксама яму былі перададзены ключы ад святыні і касцёльных будынкаў з просьбай адчыняць касцёл усім, хто шукае Бога.
Кульмінацыяй урачыстасці стала цэлебрацыя святой Імшы ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці. Ксёндз Павел заахвоціў вернікаў маліцца за тых, хто не змог прысутнічаць у гэты дзень у касцёле, і за ўсіх святароў, якія працавалі ў іўеўскай парафіі.
На заканчэнне Эўхарыстыі святара прывіталі малітоўныя групы, якія дзейнічаюць у парафіі: “Маці ў Малітве”, “Легіён Марыі”, міністранты, дзеці, моладзь і ўсе парафіяне.
Новапрызначаны пробашч падзякаваў усім за падрыхтоўку да гэтай урачыстай падзеі і ўдзел у ёй.
Ксёндз Павел Калеснік нарадзіўся 9 лютага 1976 г., паходзіць з парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 3 чэрвеня 2000 г. у Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі