25 ліпеня парафіяльная супольнасць Святой Сям’і ў Лідзе адзначыла 25-ю гадавіну існавання. У гэты дзень у парафіі адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Менавіта ён 25 гадоў таму асвяціў крыж пад будаўніцтва парафіяльнай святыні.
Вернікі са сваім першым пробашчам кс. канонікам Юзафам Ганьчыцам, цяпер спачылым, за гэтыя гады ўзвялі святыню, а што яшчэ важней – духоўны Касцёл, жывую супольнасць Хрыста.
Дзякуючы намаганням кс. Юзафа ў парафіі развіваецца душпастырская дзейнасць. Пачалі стварацца розныя згуртаванні і душпастырскія супольнасці, першымі з якіх сталі ружанцовыя і біблійнае колы.
Асноўным і галоўным элементам душпастырскай дзейнасці ў парафіі з’яўляюцца катэхезы, якія рыхтуюць дзяцей, моладзь і дарослых да сакрамэнтаў хросту, пакаяння, Першай Камуніі, канфірмацыі, сужэнства.
У парафіі існуе вялікая група міністрантаў, якія дапамагаюць святарам падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Адкрытасць на знакі часу і натхненне Святога Духа далі ў гэтым годзе асаблівы плён: кожны чацвер пасля вячэрняй Імшы ў парафіі адбываецца паўтарагадзінная эўхарыстычная адарацыя. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праходзіць таксама штодзень на працягу дня і перад Імшой. Восьмы год у парафіі дзейнічае евангелізацыйны сямейны рух “Gloriosa Trinita”. Усе гэтыя дасягненні былі ўзгаданы ва ўступнай прамове пробашча кс. Руслана Мазана.
На Імшы, якая сабрала шматлікіх вернікаў перад касцёлам, парафіяне дзякавалі Богу за дар іх супольнасці, святыні і асобы кс. каноніка Юзафа Ганьчыца. Каб увекавечыць памяць аб юбілеі, у касцёле была ўсталявана табліца, якую благаславіў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі біскуп заахвоціў прысутных дзякаваць Пану за дар святыні, якая паўстала як бачны знак прыналежнасці Хрысту.
“Гэты касцёл – сведчанне вашай веры, але таксама цяжкай працы і вялікай ахвярнасці. Гэта дар, які вы пакінеце ў спадчыну вашым дзецям і ўнукам – чарговым пакаленням, якія пасля вас прыйдуць”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заклікаў нястомна дзякаваць Богу і за тое, што “Ён раскрывае рукі і корміць нас дасыта”: хлебам зямным, у якім няма недахопу на нашых сталах, і хлебам эўхарыстычным, які падтрымлівае нас, “каб мы не стаміліся на шляху да неба”.
“Будзем прасіць Пана, каб мы ўмелі дзяліцца з бліжнімі як хлебам штодзённым, так і дабротамі духоўнымі: напрыклад, малітвай, добрым словам, зацікаўленасцю, спачуваннем, усмешкай, хвілінай часу, прысвечанай іншаму чалавеку”, – сказаў іерарх.
Каб вернікі маглі лепей адчуць атмасферу свята, пасля Эўхарыстыі іх чакаў пачастунак – вялікі торт.
Андрэй Юхнік