21 ліпеня, у 10-ю гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка, у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша аб вечным жыцці для спачылага.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У ёй прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, а таксама вернікі, якія сабраліся, каб падзякаваць Пану за дар жыцця кардынала Свёнтка.
Пасля Імшы ўдзельнікі накіраваліся ў крыпту пад катэдрай, дзе пахаваны кардынал, каб прасіць добрага Бога аб вечным жыцці для яго.
Спачылы іерарх стаў першым і адзіным кардыналам у гісторыі сучаснай Беларусі. Ён запомніўся вернікам як пастыр, які рупліва клапаціўся пра даручаны яму Богам статак, як Сведка веры, які ў савецкія часы прайшоў выпрабаванні ганенняў і ГУЛАГу.
Ва ўзросце 77 гадоў кс. прэлат Казімір Свёнтэк быў прызначаны біскупам і першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. З яго імем звязана адраджэнне і станаўленне Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і яго структур, у тым ліку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, мінскай архікатэдры, заснаванне Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах і многае іншае.
Каталіцкі Касцёл у нашай краіне з удзячнасцю кардыналу моліцца аб Божай міласэрнасці для яго.
Варта пажадаць, каб яго прыклад самаадданага служэння ўмацоўваў нас у веры на шляху, прызначаным для нас Божым Провідам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі