Skip to main content

Група дзяўчат з законніцай здзейсніла пілігрымку на роварах з Гродна ў Гудагай

palomnictwa 1Група дзяўчат на чале з сястрой Марленай з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі здзейсніла незабыўнае падарожжа. Чатыры з паловай дні яны правялі ў пілігрымцы на роварах з Гродна ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат).

За гэты час удзельнікі пілігрымкі пераадолелі 260 км. Дарога была нялёгкай, бо ў гэты час наша краіна перажывавала моцную спякоту, якая, безумоўна, дадала шмат цяжкасцяў падарожжу.

Аднак, нягледзячы на ўсё, трывалыя пілігрымы дасягнулі месца, дзе шмат гадоў ушаноўваецца Маці Божая з гары Кармэль, каб удзельнічаць у сёлетніх адпустовых урачыстасцях.

Для некаторых з групы гэта была ўжо не першая роварная пілігрымка за лета. Раней яны пабывалі ў Маці Божай з Жыровічаў, а гэты сезон распачалі пілігрымкай у Адэльск, дзе прысутнічалі на адпустовых урачыстасцях у гонар св. Антонія Падуанскага.

Удзельніцы перакананыя, што стомленасць хутка пройдзе, а духоўныя плёны пілігрымавання застануцца. Дзяўчаты разам з с. Марленай маюць яшчэ планы на астатнія дні лета, пра рэалізацыю якіх, магчыма, у хуткім часе можна будзе даведацца на нашым партале.

Пілігрымы выказваюць вялікую падзяку ўсім, хто якімсьці чынам дапамагаў ім у арганізацыі падарожжа, хто прымаў іх на начлег, прапаноўваў транспарт на зваротны шлях, а таксама суправаджаў духоўна, і абяцаюць, што аддзячаць ім малітвай.

Кс. Юрый Марціновіч