18 ліпеня ў вёсцы Баравікоўшчына ля Івянца (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў святую Імшу з нагоды 78-й гадавіны мучаніцкай смерці душпастыраў парафіі ў Пяршаях – благаслаўлёных айцоў францішканцаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня.
19 ліпеня 1943 г. нацысты, помсцячы жыхарам вёскі Пяршаі за дапамогу партызанам, выгналі з дамоў каля 200 жыхароў з намерам спаліць: жанчын – у адзін хлеў, мужчын – у другі. Да групы мужчын далучылі айцоў Ахілеса і Германа, якія благаславілі жанчын па іх просьбе.
За дзень да гэтага камендант паліцыі, які жыў на плябаніі і быў католікам, папярэдзіў святароў, каб тыя схаваліся, але яны адказалі, што не могуць пакінуць сваю паству. Каля сотні мужчын, у тым ліку святароў, пагналі ў вёску Баравікоўшчына, дзе святароў павялі ў камендатуру, а потым забілі на ўскрайку вёскі ў адрыне, якую таксама падпалілі. Ёсць сведчанні таго, што перад смерцю святары вельмі пакутавалі.
За сваю веру і адданасць святары былі беатыфікаваны 13 чэрвеня 1999 г.
Узначаліць урачыстасць у 78-ю гадавіну іх мучаніцкай смерці запрасіў біскупа Юзафа Станеўскага новапрызначаны пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы а. Павел Раманчук OFMConv.
У гаміліі іерарх адзначыў, што чалавецтва не зможа пабудаваць сапраўднага міру без звароту да праўды пра Бога і чалавека.
“Бо мір – гэта не проста наступства справядлівасці. Мір – гэта справа дзеяння міласэрнай любові”, – сказаў іерарх.
Генеральны вікарый дыяцэзіі дадаў, што “сёння, у ХХІ стагоддзі, мы малітоўна просім Бога праз заступніцтва мучанікаў і благаслаўлёных нашай зямлі часоў Другой сусветнай вайны аб дары міру і згоды, разумення і прабачэння”.
Іерарх заахвоціў прысутных на гэтым святым месцы, якое стала сведкам трагічных падзей часоў вайны, звяртацца да мучанікаў нашай зямлі, просячы вучыць нас “братняй любові ажно да ахвяры жыцця”.
“Вучыце нас прабачаць адзін адному. Вучыце нас любіць Бога і бліжняга”, – сказаў на заканчэнне біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч